У памяшканнях Ланькаўскага і Галоўчынскага сельвыканкамаў прайшлі “Кірмашы вакансій”

На мінулым тыдні ў памяшканнях Ланькаўскага і Галоўчынскага сельвыканкамаў прайшліКірмашы вакансій.

Удзел у мерапрыемстве ў Ланькаве прынялі намеснік старшыні райвыканкама     Андрэй ГАНЧУК, прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, а таксама працадаўцаў – ААТ “Аграсэрвіс”, ЦРБ.

Як адзначыў у пачатку сустрэчы Андрэй Ганчук, пасля правядзення агульнараённага кірмашу вакансій вырашана выйсці на ўзровень сельсаветаў, каб дапамагчы працаўладкавацца людзям, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Давесці ім, якія варыянты з працай існуюць у арганізацыях на тэрыторыі сельсавета, правесці дэталёвую індывідуальную работу з кожным суіскальнікам працоўнага месца.

На “Кірмаш вакансій” былі запрошаны мясцовыя жыхары, якія афіцыйна не працаўладкаваны. Праўда, з’явіліся ў сельвыканкам толькі 10 з іх, усе – мужчыны. Некаторыя дастаткова доўга нідзе не працуюць, і кожны называў свае прычыны, што перашкаджаюць працаўладкавацца. Іншыя раней ездзілі на заробкі ў Расію, а зараз шукаюць працу на радзіме. Наведалі мерапрыемствы і тыя, хто амаль круглы год заняты на сезонных работах, але не супраць разгледзець варыянты пастаяннага працоўнага месца.

З кожным з запрошаных на сустрэчу адбылася прадметная размова, былі запоўнены “Карткі ўдзельніка “Кірмашу вакансій”, якія змяшчаюць інфармацыю аб адукацыі і прафесійных навыках суіскальніка, яго ранейшых месцах працы. Адначасова з гэтым кожнаму беспрацоўнаму былі прапанаваны вакансіі або варыянты перанавучання па іншай спецыяльнасці.

Пяцёра з іх пагадзіліся на прапанаванае месца працы. Двое выбралі ААТ “Аграсэрвіс”, дзе патрабуюцца пастухі на кругласутачны выпас жывёлы, аднаго зацікавіла вакансія рабочага вытворчага цэха ТАА “Друць Інвест”. У хуткім часе яны атрымаюць накіраванні на сустрэчу непасрэдна з кіраўнікамі арганізацый-працадаўцаў і пры станоўчым выніку атрымаюць рабочыя месцы. Яшчэ двое мужчын уладкаваліся ў сельвыканкам для правядзення работ па грамадзянска-прававых дагаворах па добраўпарадкаванні  тэрыторый у летні час.

Аднак частка наведвальнікаў мерапрыемства – людзі, якія даўно не працуюць, але і на гэты раз не пагадзіліся на варыянты працаўладкавання, прапанаваныя ім (пераважна, гэта вакансіі ў сельскай гаспадарцы).

На наступны дзень “Кірмаш вакансій” прайшоў у аграгарадку Галоўчын. У сельвыканкам завіталі шасцёра чалавек. Двое з іх атрымалі накіраванні на працу ў ААТ “Бялынічы”, адна жанчына прыме ўдзел у аплачваемых грамадскіх работах у лясгасе, яшчэ адзін суіскальнік пройдзе перанавучанне па спецыяльнасці “Муляр-тынкоўшчык”. У сваю чаргу, двое грамадзян адмовіліся ад прапанаваных працоўных месцаў. Хаця на момант правядзення мерапрыемства, напрыклад, у ААТ “Бялынічы” налічваліся 24 вакансіі.

Сельвыканкамы і надалей стануць пляцоўкамі для правядзення “Кірмашоў вакансій”. Жыццёвыя абставіны бываюць розныя, а без працы цяжка. Таму ў тых вяскоўцаў, каму яна сапраўды патрэбна, ёсць магчымасць з чагосьці пачаць новую старонку біяграфіі.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *