Галодны працуе дрэнна

Наварысты бульбяны суп, гуляш з ялавічыны і грэчка, таматы… Гэта сённяшні абед механізатараў ААТ “Бялынічы”.

— Меню мяняецца кожны дзень, — гаворыць загадчыца сталовай таварыства Тамара АНДРУЦКАЯ. — Выкарыстоўваем толькі беларускія прадукты харчавання, мясцовую гародніну і мяса. Комплексныя абеды з трох страў і вячэры гатуем з душой, строга прытрымліваемся нормаў каларыйнасці. Уся ежа збалансаваная, багатая на неабходныя для арганізма харчовыя рэчывы.

Па разліках спецыялістаў, абед для аднаго механізатара абыходзіцца гаспадарцы ў сярэднім у два з паловай рублі, вячэра танней – амаль у паўтара. Аднак такі невысокі кошт ніяк не адбіваецца на якасці, каларыйнасці і смаку страў.

— Ужо дасканала вывучылі перавагі ў ежы нашых рупліўцаў, — адзначаюць кухары Ніна АРЦЁМАВА і Анастасія ЛАМОНАВА. — Мы запаслівыя: загадзя нарыхтавалі неабходную зеляніну, гародніну. Кожны дзень нам прывозяць свежыя прадукты, хлеб. Вядома, праца механізатараў патрабуе шмат сіл, таму і есці яны павінны добра, сытна.

Без спазненняў паўнавартаснае харчаванне ў герметычных кантэйнерах, бачках і тэрмасах дастаўляецца ў поле.

— Абед на свежым паветры пачынаецца ў 12.00 і завяршаецца ў 13.00, а вячэраюць – з 15.00 да 16.00, — кажа раздатчыца Вікторыя КАПЫТКОВА. — Толькі першы сезон дастаўляю ежу работнікам сельгаставарыства. Нядаўна вывучылася на кухара-кандытара.

стол

З самай раніцы на полі ля вёскі Старое Сяло шчыруе малады механізатар ААТ “Бялынічы” Дзмітрый ПАЛТАРАЦКІ. Толькі на некалькі хвілін ён спыняе свой МТЗ-3022 у счэпе з плугам “Квернеланд”, каб паабедаць.

— Кормяць нас добра, — гаворыць Дзмітрый. — Гарачы суп выдатна сагравае ў такое халаднаватае надвор’е. Усе стравы па-хатняму смачныя і сытныя. Ежу прывозяць своечасова, ніколі не спазняюцца, бо ведаюць, што ў пасяўную кожная хвіліна на рахунку.

стол1

КАМЕНТАРЫЙ

Станіслаў БУРКО,

старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:

— Сталовыя ва ўсіх гаспадарках раёна былі своечасова падрыхтаваныя. У машынах, на якіх работнікі грамадскага харчавання развозяць абеды і вячэры, ёсць чыстая вада, мыла, папяровыя ручнікі. Сельгаспрадпрыемствы маюць магчымасць забяспечыць механізатараў разнастайнымі прадуктамі: малочнымі, мяснымі, гароднінай, садавінай. Вельмі важна, каб ежа была не толькі дабраякаснай, але і смачнай, разнастайнай, утрымлівала ўсе неабходныя спажыўныя рэчывы.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *