Не лічыўшы асабістага часу

Сёлетні векавы юбілей беларускай міліцыі з’яўляецца выдатнай нагодай у чарговы раз узгадаць людзей, якія ў свой час стаялі на ахове грамадскага парадку. Герой гэтага артыкула “Зары над Друццю” – ветэран праваахоўных органаў Юрый Пятровіч ВАЙТОВІЧ.

войтович цветНарадзіўся ён у 1958 годзе ў в. Масцішча. Пасля заканчэння сярэдняй школы быў прызваны ў рады Савецкай арміі. Службу праходзіў у ракетных войсках у г. Ліда. Дэмабілізаваўшыся, нядоўгі час папрацаваў у раённай сельгастэхніцы. Затым, маючы канкрэтную мэту – служыць у сілавых структурах, — паступіў на юрыдычны факультэт БДУ. Не апошнюю ролю ў такім выбары адыгралі бацька і старэйшы брат, якія таксама сваім жыццёвым шляхам абралі служэнне закону. Скончыўшы ВНУ, малады юрыст па спецыяльнасці размеркаваўся на былое месца працы, аднак у хуткім часе воляй лёсу апынуўся ў РАУС на пасадзе следчага следчай групы.

У першым калектыве, што ўзначальвала Тамара РАКІЦКАЯ, працавала і следчы Марыя ЦІХАНОВІЧ. Калі праз тры гады яе перавялі ў абласное УУС, групу папоўніў Барыс ГАМАНЬКОЎ. Менавіта ў такім складзе па выніках працы за 1991 год яна была прызнана лепшай у вобласці.

Узгадваючы насычаны аб’ём працы, калі ў вядзенні кожнага следчага на месяц знаходзілася па чатыры дзясяткі спраў, Юрый Пятровіч мяркуе, што важным складнікам паспяховай службы былі менавіта людзі, якія кожны дзень знаходзіліся побач, дапамагалі і падтрымлівалі адзін аднаго парадай і проста  добрым словам.

Што ж да асабістых якасцей і прынцыпаў, то адным з галоўных для Юрыя Вайтовіча было сумленне. Напрыклад, прызнаецца ён, затрымліваючы злачынцаў, ніколі не рабіў розніцы паміж простым чалавекам і тым, хто займае нейкую значную пасаду. Такой недатыкальнай асобай палічыў сябе адзін наваполацкі праваахоўнік, які ноччу на ферме ў Запакуллі скраў свіней. Пры затрыманні ён ківаў на сваё службовае палажэнне, якое нібыта вызваляе яго ад адказнасці. Але ў выніку злодзей усё роўна панёс заслужанае пакаранне.

Праз 11 гадоў, у 1995, Юрый Пятровіч стаў першапраходцам пасады начальніка штаба райаддзела міліцыі. Цалінны кавалак працы пацягнуў пэўныя цяжкасці. Але, параўноўваючы дзве пасады, на якіх давялося служыць, Юрый Пятровіч упэўнены: у любой сферы дзейнасці ёсць свае нюансы, станоўчыя і негатыўныя моманты. Аднак галоўнае – гэта пры любым раскладзе добрасумленна выконваць свае службовыя абавязкі. Так, як рабіў ён сам: з энтузіязмам, не лічыўшы асабістага часу, стараўся ўнесці як мага большы ўклад у раскрыццё злачынстваў.

Немалую ролю ў пераадоленні складанасцей службы выконвала і сям’я праваахоўніка.

— Бадай, усім міліцыянерам вядомыя перыяды, калі па некалькі сутак даводзілася не спаць і не бачыць сваіх родных, — разважае Юрый Вайтовіч. — Але я ведаў, што за маёй спінаю надзейны тыл. Што я ў адказе за сваіх родных, а яны нават у самыя складаныя хвіліны абавязкова падтрымаюць мяне сваім разуменнем.

У 1999 годзе ў званні падпалкоўніка міліцыі Юрый Пятровіч пайшоў на заслужаны адпачынак.

Вольга НАБОКАВА.

Фота з архіва РАУС.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *