Усё ж такі ёсць сумленне!

Па інфармацыі часова выконваючага абавязкі начальніка штаба РАУС Юліі БАЛДЫШЭЎСКАЙ, з 3 па 9 красавіка на грамадзян былі складзены 14 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку 10 – за знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах, 3 – за прычыненне пабояў. Таксама за гэты час супрацоўнікі РАСК узбудзілі 5 крымінальных спраў, а работнікі АДАІ выявілі 106 парушэнняў правіл дарожнага руху. Затрыманы 2 нецвярозыя кіроўцы.

Ехаў, ехаў і… 6 красавіка а 14 гадзіне ў вёсцы Вялікі Нежкаў непадалёку ад магазіна райста перакуліўся грузавы аўтамабіль. На хуткасці вадзіцель не ўпісаўся ў паварот, за што і атрымаў адміністрацыйны пратакол. У здарэнні ніхто не пацярпеў.

Ружжо. Жыхар вёскі Старына захоўваў сваё зарэгістраванае паляўнічае ружжо з парушэннем устаноўленых законам правіл. Па дадзеным факце супрацоўнікі ААПП праводзяць праверку.

Прынясі мне! Раніцою ў пятніцу ў аператыўную дзяжурную службу РАУС патэлефанавала занепакоеная вішаўчанка і расказала, што сын выгнаў яе з дому і патрабуе, каб яна прынесла яму спіртное. На 41-гадовага капрызу складзены адміністрацыйны пратакол.

Хатняя вытворчасць. Гаспадыня з вёскі Стадолішча вырабляла і захоўвала ў сябе дома самагонную брагу. Па дадзеным факце праваахоўнікі праводзяць праверку.

Сумленне. 7 красавіка ў 14.30 жыхар Ізобішча прыйшоў у РАУС і заявіў, што два тыдні таму скраў з фермерскай гаспадаркі ў роднай вёсцы трох ягнятак. Абставіны справы высвятляюцца.

Дача. На мінулых выхадных у Заазер’і невядомы сарваў навясны замок і пранік у дачны дом, адкуль скраў шурупавёрт GRAPHITE. Супрацоўнікі РАСК праводзяць праверку.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *