35 гадоў жыцця прысвяціў працы ў сельскай гаспадарцы жыхар Алешкавічаў Анатоль ПАЛУДА

Якім эпітэтам не назаві чалавека, загартаванага сялянскай працай, усё адно не перадасі таго адчування, калі сустракаешся з ім, гаспадаром зямлі. І размова ў яго павольная, і рухі адточаныя да аўтаматызму, і тады разумееш, што недзе там, унутры, сам чалавек, як складаны механізм, запраграмаваны, каб выдатна рабіць.

Палуда35 гадоў жыцця прысвяціў працы ў сельскай гаспадарцы жыхар Алешкавічаў Анатоль ПАЛУДА. Спачатку шчыраваў на трактары ў былым калгасе імя Кірава, апошнія 12 гадоў працуе ў ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Цяпер на  пагрузчыку “Амкадор-352” і арганіку грузіць, і кармы, і зерне. А з пачатку вясны да позняй восені, і ўвогуле, амаль  без выхадных знаходзіцца за рулём замацаванай тэхнікі.

Нарадзіўся Анатоль Віктаравіч у вёсцы Сцёхаў. Гэта зараз яна невялікая, а раней, у 1960-70-я гады, жыццё там кіпела. Бацька працаваў загадчыкам фермы, маці – даяркай. Да сялянскай працы быў прывучаны з дзяцінства. Вельмі любіў тэхніку і вучыцца пайшоў мэтанакіравана, на трактарыста. Далей, як звычайна, папрацаваў крыху ў родным калгасе механізатарам, пасля – адправіўся на тэрміновую службу ў войска. Год паслужыў у Барысаве, а ў пачатку 1980-га быў накіраваны ў баявую камандзіроўку ў Афган.

Цяжкі ваенны год у чужой краіне Анатоль Віктаравіч успамінаць не любіць. Вайна перавярнула ўвесь яго ўнутраны свет, на многія рэчы прымусіла глядзець па-іншаму. Але чалавек прывыкае да ўсяго. Тым больш, калі ён — ад зямлі. Так і Анатоль Віктаравіч скупа расказвае пра ваенныя будні: цяжка, але нічога не паробіш.

Аднак усё калі-небудзь заканчваецца, і камандзіроўка ў “гарачай кропцы” скончылася таксама. Анатоль Палуда вярнуўся дадому, зноў пайшоў працаваць у родны калгас, ажаніўся. З жонкай Людмілай Леанідаўнай выгадавалі дачку.

— Зараз толькі замуж яе засталося выдаць, дый унукаў прычакаць, — усміхаецца Анатоль Віктаравіч.

А вольны час? На гэта пытанне механізатар доўга шукае адказ. Хіба што толькі зімой ён і ёсць у вяскоўца. Але і летам удаецца вылучыць некалькі гадзін для любімага захаплення – рыбалкі.

— Заўсёды стараўся працаваць з поўнай аддачай, — гаворыць руплівец. — Не аднойчы ўзнагароджвала граматамі кіраўніцтва гаспадаркі. Але я ніколі не імкнуўся спецыяльна быць першым. Проста стараюся сумленна выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *