Як “Радзіма” стала другой радзімай

Аварыя на ЧАЭС прынесла трагедыі ў тысячы беларускіх сем’яў. Ратуючыся ад радыяцыі, людзі вымушаны былі пакідаць родныя дамы, зрушвацца з наседжаных месцаў, губляць гадамі наладжаныя сяброўскія і роднасныя сувязі.

Амаль 10 гадоў жыве ў аграгарадку Вішоў сям’я Панцеенкаў. Віктар Аляксеевіч і Марыя Генадзьеўна пераехалі сюды з вёскі Свенск Слаўгарадскага раёна. Гэты населены пункт, адзін з многіх, які падвергся радыяцыйнаму забруджванню. Жыць там можна, але літаральна за некалькі кіламетраў пачынаецца зона адсялення.

— Я нарадзілася ў вёсцы Рагі, — гаворыць Марыя Генадзьеўна. — Зараз гэтага населенага пункта не існуе на карце. Калі нас высялялі, то бацькам прапанавалі пераехаць у Мінск. Але тата катэгарычна не пагадзіўся. Ён быў моцна прывязаны да зямлі, да гаспадаркі, таму выбраў новым месцам жыхарства Свенск, які знаходзіўся блізка да нашай роднай вёскі.

Марыя скончыла гандлёвы тэхнікум, стала працаваць у магазіне. А потым ёй прапанавалі пасаду загадчыцы малочнатаварнай фермы ў мясцовым калгасе. Так яна апынулася ў жывёлагадоўлі. Асаблівага збегу абставін у гэтым не бачыць: маці ўсё жыццё працавала даяркай, дый дома трымалі немалую падсобную гаспадарку.

МАША 1

Пераехаць у Вішоў прымусілі абставіны. Сын Аляксей моцна хварэў, дактары раілі пераехаць у больш чыстае месца. А тут яшчэ справы ў калгасе сталі ісці ўсё горш і горш, пачалі затрымліваць выплату зарплаты. Цяжкае матэрыяльнае становішча стала апошняй кропляй, і Панцеенкам прыйшлося зноў пакаваць рэчы.

У Вішове перасяленцаў успрынялі цёпла. Праўленне СВК “Калгас “Радзіма” выдзеліла ім дом з усімі выгодамі. Марыя стала працаваць даяркай на Вішоўскай малочнатаварнай ферме, а муж уладкаваўся ў будаўнічую брыгаду. На новым месцы абжыліся даволі хутка.

— Першым часам я вельмі сумавала па Слаўгарадчыне, — успамінае Марыя Генадзьеўна. — Але, як кажуць, на адным месцы і камень мохам абрастае. Тут нарадзіўся мой малодшы сыночак Арцёмка, з’явілася шмат знаёмых, сяброў. І ў працоўны калектыў ўлілася хутка. А яшчэ актыўна ўдзельнічаю ў мастацкай самадзейнасці, наведваю тэатральны гурток пры Вішоўскім цэнтры культуры.

У мінулым годзе Марыя Панцеенка ўзначаліла калектыў Вішоўскай малочнатаварнай фермы.

— Працоўных абавязкаў шмат, здараецца, складана ва ўсім разабрацца, — гаворыць жанчына. — Але невырашальных пытанняў у нашай гаспадарцы, думаю, не існуе. Шмат карысных парад дае мне галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Валянціна ЛАПАЦЕНТАВА. Сапраўды, калі ведаеш, што цябе падтрымаюць, тады лягчэй і працаваць.

…31 год прамінуў з часу той страшнай тэхнагеннай катастрофы. Многія людзі дагэтуль не могуць прымірыцца з тымі наступствамі, якія нарабіла на нашай зямлі радыяцыя. Але Марыя Панцеенка ўдзячная лёсу, што ёй пашанцавала асесці ў Вішове. Аграгарадок стаў для іх сям’і другой радзімай, ціхім куточкам у вірлівым акіяне жыцця.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *