Табе яйка чырвонае, а яму – пратакол адміністрацыйны

Тыдзень перад Вялікаднем выдаўся вельмі насычаны. Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 10 па 16 красавіка на грамадзян былі складзены 26 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку 11 – за знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах, 10 – за прычыненне пабояў. Таксама за гэты час супрацоўнікі РАСК узбудзілі 2 крымінальныя справы, а работнікі АДАІ выявілі 151 парушэнне правіл дарожнага руху.

Рэха вайны. Вечарам 10 красавіка гаспадары домаўладання, што па вуліцы Задруцкая райцэнтра, пры правядзенні земляных работ выкапалі артылерыйскі снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Небяспечную знаходку абясшкодзілі.

Хуліган. У ноч з 11 на 12 красавіка невядомы парэзаў два колы Fiat Ducato. Аўтамабіль знаходзіўся на стаянцы каля дома № 1 “І” па вуліцы Калініна райцэнтра. Праваахоўнікі праводзяць праверку.

І куды ж ты едзеш? Жыхар вёскі Навасёлкі Вішоўскага сельсавета ў стане алкагольнага ап’янення вырашыў пакатацца на сваім веласіпедзе па аўтадарозе Гавяды-Ермалавічы, за што і ўдастоіўся адміністрацыйнага пратакола.

Нічога святога. Нехта разбіў акно ў будынку царквы “Новае жыццё”, што па вуліцы Абаронная ў Бялынічах. Па дадзеным факце супрацоўнікі РАУС праводзяць праверку.

15 метраў электракабеля невядомыя скралі з двара дачнага домаўладання ў вёсцы Мяльнік. Міліцыянеры высвятляюць абставіны справы.

Відаць, на металалом. У сераду позна вечарам у РАУС звярнуўся дырэктар ААТ “Бялынічы” з заявай аб тым, што нехта сцягнуў два двутаўры (стальныя бэлькі) з вагавай кропкі на МТК у вёсцы Вялікі Трылесін. Праваахоўнікі праводзяць праверку.

Прыйшоў з павіннай. Двойчы. 13 красавіка ў РАУС з’явіўся жыхар вёскі Замачулле, каб прызнацца ў двух злачынствах. Спачатку ён расказаў, як месяц таму ўзламаў дзверы дачнага домаўладання ў Містраўках і скраў адтуль прадукты харчавання, спіртное. Потым прыгадаў, што 20 сакавіка з чужога дома, які знаходзіцца ў вёсцы Ігліца, сцягнуў слоік мёду і крэм для галення.

Працуе… садоўнік? У адзін дзень, 15 красавіка, у аператыўную дзяжурную службу РАУС паступілі падобныя паведамленні ад магіляўчанак. Адна жанчына паскардзілася міліцыянерам, што невядомы з прысядзібнага ўчастка яе маці ў Ермалавічах скраў саджанцы пладовых дрэў: два персікі, сліву, грушу і дзве яблыні. Другая гаспадыня, дачны дом якой знаходзіцца ў гэтай жа вёсцы, недалічылася дзвюх яблынь, туі і куста магноліі.

У такі дзень! У нядзелю два бялынічаніны вырашылі высветліць адносіны кулакамі. Мужчыны пабіліся прама каля дома №1, што па вуліцы Калініна ў райцэнтры. За такія паводзіны праваахоўнікі склалі на буйных бялынічан адміністрацыйныя пратаколы.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *