Крадуць усё!

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 17 па 25 красавіка на грамадзян былі складзены 32 адміністрацыйныя пратаколы, у тым ліку 16 – за знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах, 12 – за прычыненне пабояў. Таксама за гэты час супрацоўнікі РАСК узбудзілі 2 крымінальныя справы, а работнікі АДАІ выявілі 148 парушэнняў правіл дарожнага руху.

Шкло. 17 красавіка ноччу нехта разбіў шкло ў дзверках ВАЗ-2114, які быў прыпаркаваны каля прыватнага дома па вуліцы Савецкая. Па дадзеным факце супрацоўнікі міліцыі праводзяць праверку.

Дужы злодзей! Газавую пліту, халадзільнік, два газавыя балоны і ложак скраў ураджэнец Бялыніччыны з дачнага домаўладання магіляўчанкі ў вёсцы Аксенькавічы. Больш таго, мужчына нават веранду дома разабраў. Абставіны справы высвятляюцца.

За бутэльку. 18 красавіка а 20 гадзіне вечара невядомы прыхапіў з паліцы магазіна “Бакалея” бутэльку гарэлкі і ўцёк. Супрацоўнікі РАСК праводзяць праверку.

Зноў саджанцы. І зноў у Ермалавічах! Раніцай 19 красавіка на 102 паступіла паведамленне ад жыхара вёскі Ермалавічы аб тым, што нехта скраў з яго саду два саджанцы яблыні.

200 рублёў сцягнулі за 15 хвілін з кішэні курткі жыхара Малага Кудзіна. Цяпер мужчына шкадуе, што пакінуў без нагляду свае рэчы ў сенцах аднавяскоўкі.

І разеткі. Магіляўчанка паскардзілася праваахоўнікам, што нехта скраў з яе дачнага дома ў Аксенькавічах тры металічныя ложкі, электраправодку і… разеткі. Супрацоўнікі РАСК праводзяць праверку.

“Аист”. 20 красавіка ў 21.00 гаспадыня з Вішова пакінула без нагляду свой веласіпед “Аист” ва ўласным двары па вуліцы Петрапаўлаўская. Пакуль жанчына была дома, невядомы ўгнаў яе двухколавы транспарт. Міліцыянеры высвятляюць абставіны справы.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *