Першы намеснік начальніка РАНС Аляксандр САДОЎСКІ сумесна з сацыяльным педагогам Вішоўскай СШ Анастасіяй СІДАРЭНКА правялі прафілактычны рэйд па жыллі шматдзетных сем’яў і тых, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы

У рамках акцыі “За бяспеку разам” першы намеснік начальніка РАНС Аляксандр САДОЎСКІ сумесна з сацыяльным педагогам Вішоўскай СШ Анастасіяй СІДАРЭНКА правялі прафілактычны рэйд па жыллі шматдзетных сем’яў і тых, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Да іх далучылася і карэспандэнт раёнкі.

У спіс Анастасіі Сідарэнка занесена 21 сям’я непасрэдна ў аг. Вішоў. У гэты дзень галоўнай задачай было наведаць менавіта гэтыя домаўладанні. Пабываўшы ў першых трох, можна зрабіць вывад: асноўнае парушэнне – няспраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў або іх адсутнасць. А па правілах пажарнай бяспекі АПА  павінен быць устаноўлены ў кожным жылым пакоі.

апи

— Часцей за ўсё сутыкаемся з тым, што людзі не ведаюць, як праверыць спраўнасць апавяшчальніка, — распавядае Аляксандр Садоўскі. – Калі пачынаеш паказваць, як трэба гэта рабіць, можа аказацца, што АПА не падключаны. У іншым выпадку – сышоў тэрмін прыдатнасці батарэйкі, а бывае, яе ўвогуле няма – апавяшчальнік проста вісіць, бо так патрэбна па правілах. Аднак наўрад ці хто задумваецца, што ён можа выратаваць жыццё. Так, па статыстыцы, у мінулым годзе ў рэспубліцы, дзякуючы АПА, былі выратаваны 127 чалавек, з іх 24 – дзеці.

Пры аглядзе домаўладанняў супрацоўніку РАНС амаль у кожнай сям’і прыйшлося паказваць, як праверыць спраўнасць апавяшчальніка. Дарэчы, гэта вельмі простая працэдура. Па-першае, ён павінен “міргаць” праз канкрэтны, зададзены вытворцам, прамежак часу. Гэта значыць, што АПА працуе. Па-другое, у спецыяльную адтуліну можна ўставіць тонкі прадмет – пруток або стрыжань ад звычайнай шарыкавай ручкі. Пасля гэтага прыбор павінен адазвацца пранізлівым гукам.

Адна гаспадыня была абсалютна ўпэўнена ў спраўнасці АПА ў сваім жыллі.

— Вось днямі гатавала ежу, задыміла патэльня, дык апавяшчальнік спрацаваў. Здаецца, спраўны.

І сапраўды, адзін з іх працуе, а вось астатнія два патрабуюць замены батарэйкі. Выправіць сітуацыю гаспадары павінны на працягу сутак.

У кожным доме, дзе карыстаюцца пячным ацяпленнем, Аляксандр Вячаслававіч распавёў пра асноўныя меры бяспекі, звярнуў увагу на выкананне ўсіх нормаў. У адным з домаўладанняў адразу ж было відаць, што прытопачны ліст нестандартнага памеру. Гэты недахоп трэба выпраўляць.

Таксама прыйшлося рабіць заўвагі накшталт пажарных рукавоў, якімі павінны быць абсталяваны некаторыя дамы. Былі выпадкі, калі людзі нават і не ведалі, што гэта такое і дзе яны знаходзяцца. Супрацоўнік РАНС тлумачыў гаспадарам, як праверыць тэрмін прыдатнасці вогнетушыцеля і як правільна яго выкарыстоўваць у выпадку пажару.

Асабліва звярталі ўвагу бацькоў Аляксандр Садоўскі і сацыяльны педагог Анастасія Сідарэнка на тое, што ні ў якім выпадку дзяцей нельга пакідаць адных, без нагляду. Гэта можа скончыцца трагедыяй.

Усе выяўленыя падчас рэйду недахопы Аляксандр Садоўскі ўзяў на кантроль. Выправіць іх патрэбна за самы кароткі тэрмін.

Тэкст і фота Аксаны ПЛЕСКАНЁВАЙ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *