У жыхара аграгарадка Вішоў Анатоля КАВАЛЁВА незвычайнае хобі: мужчына асвоіў тэхналогію прыгатавання дамашняга хлеба

У жыхара аграгарадка Вішоў Анатоля КАВАЛЁВА незвычайнае хобі: мужчына асвоіў тэхналогію прыгатавання дамашняга хлеба і частуе ўсю сям’ю ўласнаручна спечанымі караваямі.

ХлебПа прафесіі Анатоль Якаўлевіч аператар кацельні, а па прызванні – кухар. Гатаваць ежу ён навучыўся падчас тэрміновай службы ў арміі і зараз часта радуе блізкіх кулінарнымі дасягненнямі. А вось выпякаць хлеб пачаў не так даўно і ўпэўнены, што гэта павінен рабіць абавязкова мужчына.

— З дзяцінства запомніўся смак бабуліных караваяў, — гаворыць Анатоль. – А неяк вырашыў паспрабаваць выпекчы хлеб сам. Знайшоў самы просты рэцэпт і зараз паспяхова ім карыстаюся. Свой хлеб атрымліваецца вельмі смачным, жывым, калі можна так сказаць…

Рэцэпт дамашняга хлеба ад Анатоля Кавалёва: шклянку ржаной мукі і шклянку вады перамяшаць, паставіць на суткі ў цёплае месца для закваскі. Можна дадаць крыху соладу (прадаецца ў магазіне асобна). Калі ў рошчыны з’явяцца характэрны кіслы пах і бурбалкі на паверхні, у яе трэба дадаць яшчэ шклянку цёплай вады, лыжку солі, крыху пшанічнай мукі вышэйшага гатунку і ржаной столькі, колькі возьме цеста. Густое цеста вымесіць рукамі, сфармаваць каравай і пакінуць на некалькі гадзін, каб падышло. Затым хлебны бохан паставіць выпякацца ў напаленую печ альбо духоўку. Гатоўнасць хлеба можна вызначыць па прыемным паху, які будзе адчувацца літаральна ў кожным куточку дома і нават на вуліцы.

Пасля таго, як каравай дастанеце з формы, змачыце вадой яго верхнюю скарынку і пакіньце астываць загорнутым у льняны або баваўняны ручнік.

Смачны дамашні хлеб поўнасцю выцесніў у сям’і Кавалёвых купленыя боханы. Ім з задавальненнем частуюць сяброў і гасцей.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *