Сёлета супрацоўнікі органаў запісу актаў грамадзянскага стану адзначаюць векавы юбілей

Людзі заўсёды фіксавалі галоўныя падзеі ў сваім жыцці, ствараючы і захоўваючы агульную гісторыю. Да рэвалюцыі ўсе запісы аб нараджэннях, шлюбах і смерці вяліся ў метрычных кнігах, якія знаходзіліся ў цэрквах. Яшчэ ў 1722 годзе Пётр І абвясціў абавязковую рэгістрацыю нараджэнняў у праваслаўнага насельніцтва. Дзяцей асоб іншага веравызнання пачалі запісваць пазней.

Праз два стагоддзі, у 1917-м, востра паўстала пытанне аб змене заканадаўства, якое закранала шлюбныя і сямейныя адносіны. 18 снежня таго ж года быў прыняты дэкрэт СНК РСФСР “Аб грамадзянскім шлюбе, пра дзяцей і вядзенне кніг актаў стану”, а 19 снежня – “Аб скасаванні шлюбу”. Такім чынам, царква страціла свае паўнамоцтвы як орган, які рэгіструе шлюбы. Юрыдычная сіла прызнавалася толькі за грамадзянскім саюзам, які афіцыйна афармляўся толькі ў ЗАГСе.

У ліпені 1934 года аддзелы запісу актаў грамадзянскага стану былі ўключаны ў структуру падраздзяленняў НКУС. З 1956-га імі пачалі кіраваць мясцовыя саветы народных дэпутатаў, з 13 чэрвеня 1969 года – раённыя выканаўчыя камітэты.

У 1970-х дзяржпошліна за рэгістрацыю шлюбу складала 3 рублі. Зарплата савецкага інжынера – 120 рублёў. Бутэлька гарэлкі каштавала 3 рублі 62 капейкі, кілаграм каўбасы – 2 рублі 20 капеек, а батон – 18 капеек.

Адзінаццаць гадоў таму ўсе органы ЗАГС краіны ўвайшлі ў сістэму Міністэрства юстыцыі.

Калі аналізаваць гісторыю Бялыніцкага аддзела ЗАГСу, можна заўважыць, што самы напружаны перыяд – 1944-1950 гг. Літаральна ў першыя месяцы пасля вызвалення раёна ад фашысцкіх акупантаў да спецыялістаў пачалі звяртацца людзі, каб узнавіць свае пасведчанні аб нараджэнні. Цяжка падлічыць, колькі старонак кніг актаў запоўніла сваёй рукой Лідзія АЎЛАСОВІЧ, якая ў тыя часы працавала ў ЗАГСе. Свае абавязкі яна выконвала адказна і прафесійна. Цярпліва, прыгожым і роўным почыркам выводзіла жыхарам Бялыніччыны новыя дакументы. Узнікалі і пэўныя цяжкасці: некаторыя людзі не ведалі дакладны дзень свайго нараджэння і нават год. Тады за справу бралася спецыяльная камісія, члены якой па шэрагу крытэрыяў вызначалі, як доўга жыве на гэтым свеце чалавек.

Да 1978 года Лідзія Лявонцьеўна сумленна адшчыравала ў аддзеле. У 1998-м жанчыны не стала, аднак успамін пра Лідзію Аўласовіч беражліва захоўваецца амаль у сотні актавых кніг, запоўненых яе рукой.

Усе свае сілы, творчую энергію і багаты жыццёвы вопыт аддала працы Ганна ЛІПАЎКІНА, якая кіравала ЗАГСам з 1978 па 2007 гады. З асаблівай душэўнай цеплынёй яна праводзіла кожную шлюбную цырымонію і ўрачыстую рэгістрацыю нованароджаных. Менавіта Ганна Аляксандраўна стала ідэйнай натхняльніцай цікавага мерапрыемства “Каханню ўсе ўзросты пакорныя”, падчас якога сямейныя пары раёна святкавалі свае юбілеі – ад паркалёвага (1 год сумеснага жыцця) да брыльянтавага (60 гадоў).

ліп_чб

аўл

арл

Амаль дзесяцігоддзе ўзначальвала аддзел ЗАГСу Алена ГРЫШКЕВІЧ. Цяпер усе справы вядзе галоўны спецыяліст Таццяна АРЛОЎСКАЯ.

Час бяжыць, змяняюцца пакаленні, а работнікі ЗАГСу па-ранейшаму працягваюць адзначаць у актавых кнігах самыя галоўныя падзеі ў жыцці кожнага жыхара Прыдруцкага краю, захоўваюць каштоўныя сямейныя традыцыі.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара і з архіва ЗАГСу.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *