Сёлета спаўняецца 135 гадоў, як у Бялынічах адкрылася першая аптэка

З гісторыі

Першыя ўпамінанні ў пісьмовых крыніцах аб з’яўленні аптэк на тэрыторыі Беларусі адносяцца да ХVI стагоддзя. Да гэтага народныя лекары самастойна рыхтавалі гаючыя сродкі. Ужо ў рукапісах ХVI стагоддзя ўпамінаюцца прыватныя аптэкі ў Пінску і Брэсце.

Адносна Бялыніччыны першыя звесткі аб аптэцы ў Галоўчыне датуюцца 1636 годам. Хутчэй за ўсё яна размяшчалася ў Галоўчынскім замку і належыла самому ўладальніку мястэчка, апошняму прадстаўніку роду князёў МІКІЦІНІЧАЎ-ГАЛОЎЧЫНСКІХ Мікалаю Канстанцінавічу Галоўчынскаму альбо, магчыма, мясцоваму брацтву дамініканцаў. Па інфармацыі краязнаўцы Васіля ЦЫРКУНОВА, існаванне гэтай аптэкі было ўнікальнай з’явай, паколькі, згодна гістарычных звестак, у 1825 годзе на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі ўсяго толькі 42 аптэкі! У 1913 годзе іх было ўжо 297.

На жаль, далейшая гісторыя першай галоўчынскай аптэкі невядомая.

Паступовае развіццё прамысловасці і павелічэнне колькасці насельніцтва значна паспрыялі развіццю аптэчнай сеткі. Гандлёвыя аб’екты, дзе прадаваліся лекавыя сродкі і прадметы гігіены, сталі з’яўляцца не толькі ў гарадах, але і ў невялікіх мястэчках. У 1882 годзе А. САЎРЫЦКІ адкрывае ў Бялынічах першую аптэку, якая абслугоўвала пераважна яўрэйскую частку насельніцтва. З 1899 года яна належыла двараніну М. СЕГАЛЮ. Але загадваў ёй і адначасова працаваў там яго сын.

Напачатку ХХ стагоддзя вольнай урачэбнай практыкай у Бялынічах займаліся С. КАНТАР і жонка ўладальніка аптэкі Ц. СЕГАЛЬ.

У 1916 годзе медыцынская сетка на тэрыторыі раёна ўключала ў сябе бальніцу, аптэку і 5 фельчарскіх пунктаў.

У час нямецкай акупацыі…

Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны на Бялыніччыне функцыянавалі тры аптэкі: у Бялынічах, Галоўчыне і Падзевічах.

Загадчык Бялыніцкай аптэкі АРЦЁМЕНКА падтрымліваў сувязь з партызанамі і забяспечваў іх медыкаментамі. Загадчыцу Падзевіцкай аптэкі Ганну ЧОРНУЮ гітлераўцы расстралялі за сувязь з падпольшчыкамі. Бялынічанка Галіна АЎРАМАВА да вайны працавала асістэнтам аптэкара ў Беластоку. Як толькі горад падвергся акупацыі, пехатою адправілася ў роднае мястэчка. Праз два месяцы цяжкага шляху апынулася дома, але і тут ужо гаспадарылі ворагі. Разам з сястрой Кацярынай, якая да вайны працавала ў ветлячэбніцы, здабывалі і перадавалі партызанам неабходныя медыкаменты. Аднак знайшлася здрадніца, якая выдала адважных сясцёр ворагам. У красавіку 1944 года Кацярыну Аўрамаву немцы схапілі і расстралялі, а Галіне ўдалося ўцекчы. Пасля вайны яна шмат гадоў рабіла намеснікам загадчыка цэнтральнай раённай аптэкі.

…І ў мірныя дні

29 чэрвеня 1944 года Бялынічы былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ўжо 21 жніўня ў мястэчку адкрылася аптэка, загадчыкам якой быў прызначаны Рахім КАРЫМАЎ.

У 1945 годзе сталі працаваць аптэкі ў Галоўчыне  (загадчык В. К. СЛАБАДА), Падзевічах (загадчык Л. С. СТЭЛЬМАХ), Эсьмонах (загадчык ЛАПО), у 1957 годзе – у Нежкаве.

У 1964 годзе ў Бялынічах пачаў дзейнічаць магазін санітарыі і гігіены.

На сённяшні дзень забяспечваюць насельніцтва раёна лекамі 8 аптэк, тры з якіх знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. Згодна Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла, значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база вясковых аптэк, павысіліся ўзровень і якасць абслугоўвання лекамі сельскага насельніцтва. У лютым 2016 года адкрыўся новы будынак цэнтральнай аптэкі па вуліцы Энгельса ў райцэнтры.

Нельга не адзначыць і чалавечы фактар у станаўленні і развіцці аптэчнай сеткі Бялыніччыны. Кожны, хто звязаў сваё жыццё з аптэкарскай справай, пакінуў асаблівы след і памяць аб сабе, служыў і працягвае служыць любімай прафесіі. Больш за 80% працаўнікоў аптэчнай сеткі раёна маюць другую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Выдатна зарэкамендавалі сябе на працоўных месцах загадчыкі аптэк №170 і №129 Таццяна КАРПІНСКАЯ і Ларыса ДАРОШЧАНКА, фармацэўт-рэцэптар Марыя УЛАДЫКА.

Ветэран працы, Галіна Пятроўна АЎРАМАВА, паўстагоддзя аддала фармацэўтычнай справе, выхавала і перадала вопыт не аднаму пакаленню фармацэўтаў, была выдатным прыкладам прафесіяналізму і адданасці прафесіі.

Без малага 50 год нязменна шчыруе загадчыцай аптэкі ў Галоўчыне Людміла КАВАЛЁВА і з 1972 года загадвае аптэкай у аграгарадку Вішоў Любоў КАЛІНАВА. Людміла Іосіфаўна і Любоў Сямёнаўна шмат энергіі і сіл прысвяцілі фармацэўтычнай справе, а шчырую любоў да такой патрэбнай і гуманнай прафесіі перадалі сваім дзецям і ўнукам, якія сталі годнымі прадаўжальнікамі аптэкарскіх працоўных дынастый.

20

Калектыў

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота з архіва ЦРА №41.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *