І ўспаміны ажываюць зноў і зноў…

Ночь надвигается, вагон качается,

А мне спускается тревожный сон:

Страна любимая с нами

прощается,

Идёт в Германию наш эшелон…

Калі жыхарка вёскі Сіпайлы Кацярына ПЯТРОЎСКАЯ чытае гэты верш невядомага паэта, заўсёды плача. Таму што, колькі ні мінула б часу, а тыя жахлівыя дні, якія правяла яна на прымусовых работах у фашысцкай Германіі, напэўна, ніколі не сатруцца з памяці.

ПетровскаяЯна шмат расказвае пра падзеі далёкага мінулага:

— Мой бацька Ягор ВОЛКАЎ быў камуністам і арганізатарам першага ў нашай вёсцы калгаса пад назвай “Краіна Саветаў”. Аднак знайшліся трое мясцовых жыхароў, якія былі супраць калектывізацыі, усяляк шкодзілі аднасяльчанам, і бацька быў вымушаны расказаць пра іх уладам. Шкоднікаў арыштавалі і адправілі ў турму. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны адзін з іх вярнуўся дадому, і калі немцы прыйшлі ў нашу вёску, прызначылі яго старастам. Па яго даносе расстралялі бацьку.

Напрыканцы вайны, калі войскі захопнікаў пачалі адступаць, Кацярыну і яшчэ 16 маладых дзяўчат і хлопцаў забралі ў Германію на прымусовыя работы.

— Да Талачына везлі на машыне, а потым пасадзілі ў цягнік і адправілі на Захад, — падрабязна распавядае Кацярына Ягораўна. – Уцячы баяліся. Перш за ўсё перажывалі, што з-за нас могуць пацярпець блізкія. А куды ты пабяжыш у чужой краіне? У Польшчы, напрыклад?

Праз некалькі дзён шляху нявольнікаў прывезлі ў горад Фалькенбург у размеркавальны лагер. Дзяўчат з Сіпайлаў выбраў адзін пажылы немец, які займаўся адпраўкай на фронт адзення і прадуктаў харчавання. Ён перавёз іх у горад Шарлоттэнбругэ, дзе яны разгружалі вагоны з абмундзіраваннем, мылі яго, рамантавалі і зноў адпраўлялі на фронт.

— Да нас адносіліся нядрэнна, — успамінае былая вязніца. – Асабліва, калі мы добра працавалі. Наш начальнік па нядзелях вадзіў нас у царкву, даваў чыстае адзенне. Таксама абяцаў, калі скончыцца вайна, запісаць усіх на сваё прозвішча, нібыта мы яго дзеці, і знайсці кожнай добрага мужа.

Дзяўчаты прабылі ў няволі больш за год. Калі авіяцыя пачала бамбіць лагер, гаспадар пасадзіў усіх іх у машыну і адвёз у горад Альтэцінг. Там было шмат шпіталяў з параненымі нямецкімі салдатамі, і горад планавалі без бою здаць войскам саюзнікаў.

Начальнік вельмі баяўся, каб савецкія воіны пад гарачую руку не расправіліся з нявольніцамі як са здрадніцамі. Некалькі разоў ён потым наведваў сваіх былых падапечных, даваў карысныя парады, як паводзіць сябе ў цяжкіх сітуацыях, што рабіць, калі ў горад увойдуць амерыканскія салдаты. Яго клопат прыйшоўся вельмі дарэчы. Літаральна праз некалькі тыдняў дзяўчаты змаглі адправіцца на Радзіму.

Назад ехала многа былых палонных. Кацярына Ягораўна ўспамінае, што дабрацца да дому было вельмі складана, у вагонах не хапала месцаў. На эшэлонах вярталі ўсё дабро, нарабаванае захопнікамі, зброю, ваенную тэхніку, ехалі дадому салдаты. Каб час чакання патрэбнага цягніка праходзіў хутчэй, многія былыя палонныя чыталі вершы, расказвалі гісторыі. А яна ўсё слухала і запамінала. І цяпер, у 90-гадовым узросце, з лёгкасцю чытае на памяць няхітрыя вершаваныя радкі:

На фронт меня родная провожала,

Я на вокзале распрощался с ней.

Она в слезах мне тихо говорила:

— Придёшь с войны, и буду я твоей.

И я ушёл, и побывал в сраженьях,

Не раз в жестоком побывал бою.

Вот как-то раз попал я в окруженье

И перешёл на сторону к врагу…

Гэты верш, дарэчы, увайшоў у вядомы літаратурны твор расійскага пісьменніка Георгія Свірыдава “Рынг за калючым дротам”.

Мірны час пабег хутка. Кацярына Ягораўна стала працаваць у родным калгасе, выйшла замуж, нарадзіліся дзеці. Цяжар пражытых гадоў прыгнуў жанчыну да зямлі. Даглядае яе старэйшая дачка Людміла, часта наведваюць бабулю ўнукі і праўнукі. Здаецца, жыццё пражыла нядрэнна, усё як мае быць. Але надыходзяць хвіліны, калі памяць упарта вяртае яе ў далёкае мінулае, і калі чуе па радыё ці тэлевізары знаёмыя вершаваныя радкі, то горкія слёзы самі наварочваюцца на вочы.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *