Вучні 8 класа Цяхцінскага ВПК ДС СШ правялі ў школьным музеі ўрок мужнасці

У Цяхцінскім ВПК ДС СШ, як і ў іншых установах адукацыі раёна, значная ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Напярэдадні свята Перамогі вучні 8 класа разам з класным кіраўніком Ліліяй ШАКУРА ў рамках класнай гадзіны правялі ў школьным музеі ўрок мужнасці.

Вядучыя мерапрыемства Сцяпан САМУЛЁЎ і Вікторыя НАЎГАРОДЦАВА нагадалі рабятам аб значных падзеях вайны, жахлівых гадах акупацыйнага рэжыму, вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўсенароднай радасці ад доўгачаканай Перамогі.

Іншыя вучні, што былі задзейнічаны ў правядзенні ўрока мужнасці, выступілі з невялікімі дакладамі пра лёс сястры Хатыні, бялыніцкай вёскі Стэфанова, расказалі пра землякоў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, дэкламавалі кранальныя вершы на тэму вайны.

Усе разам хвілінай маўчання ўшанавалі памяць аб тых, хто ішоў на смерць дзеля жыцця нашчадкаў.

У працяг мерапрыемства Лілія Шакура правяла пазнавальную экскурсію па музеі, у час якой надала асаблівую ўвагу экспазіцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне. У ёй прадстаўлены больш за 100 экспанатаў: асабістыя рэчы франтавікоў, зброя і амуніцыя, пісьмы з фронту, юбілейныя ўзнагароды і ўзнагародныя пасведчанні, карты, схемы, фотаздымкі, сценгазеты, зробленыя вучнямі школы.

Вучні Цяхцінскага ВПК ДС СШ з задавальненнем наведваюць музей, дзе па дакументах і рэчах знаёмяцца з падзеямі тых гераічных і трагічных гадоў. Такія экскурсіі і класныя гадзіны спрыяюць захаванню ў маладога пакалення памяці пра вайну, яе герояў і ахвяры, садзейнічаюць выхаванню пачуцця патрыятызму.

Важна, што гэта адбываецца на прыкладзе жыцця і лёсаў землякоў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, змагаліся з ворагам у партызанскіх атрадах і падполлі, аддалі шмат сіл і здароўя, а некаторыя і жыццё, каб іх нашчадкі жылі пад мірным небам на Цяхцінскай зямлі. Гэтым людзям прысвечаны стэнды, на якіх можна ўбачыць фатаграфіі ветэранаў вайны Кірыла КАЗЛОВА, Міхаіла ЦУМАРАВА, Аляксея ЦАПІКА, Арцёма СТРАЛЬЦОВА і іншых, асабістыя рэчы былых франтавікоў.

цях1

цях2

цях3

цях4

Асобныя экспазіцыі расказваюць пра знакамітых землякоў, братоў Данііла і Аляксея ЦУМАРАВЫХ, а таксама камандзіра 121-га партызанскага палка, Героя Савецкага Саюза Асмана КАСАЕВА. Экспанаты апошняга стэнда пастаянна папаўняюцца дзякуючы сяброўскім адносінам з землякамі Героя, жыхарамі далёкай Карачаева-Чаркесіі.

– Важна клапаціцца пра жывых сведкаў тых страшных падзей, – расказвае Лілія Шакура. – Напрыклад, нашы васьмікласнікі шэфствуюць над 80-гадовай жыхаркай аграгарадка Яўгеніяй Мацвееўнай КУШНЯРОВАЙ. Напярэдадні свята мы наведаем старажылку, дапаможам ёй па гаспадарцы, а таксама ўсім нам будзе вельмі цікава паслухаць яе ўспаміны пра абпаленае вайной дзяцінства.

Галоўнае ў працы педагога – выхаваць добрых і сумленных людзей, якія зоймуць годнае месца ў грамадстве і будуць ганарыцца сваёй Радзімай. Адным з накірункаў, што фарміруюць жыццёвую пазіцыю сённяшніх вучняў, з’яўляецца ўдзел у міжнародным руху юных міратворцаў.

– У нашай школе, якае мае статус школы Міру, вучні ўдзельнічаюць і самі ініцыююць розныя цікавыя і карысныя міратворчыя акцыі, робяць добрыя справы, – дадае Лілія Фёдараўна. – Гэта, напрыклад, “Бессмяротны полк”, “Захаваем узнагароды прадзеда”, “Пра што расказвае фотаздымак з сямейнага альбома”, якія накіраваны на захаванне сямейных рэліквій і дапамагаюць лепш усвядоміць важнасць подзвігу іх продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Вельмі добра, што дзеці цікавяцца гісторыяй сваёй сям’і і краіны ў цэлым.

Тэкст і фота Андрэя СУПІТАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *