У актавай зале аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”

русьДнямі ў актавай зале аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, на якой былі прааналізаваны вынікі дзейнасці аб’яднання і акрэслены новыя накірункі працы. У мерапрыемстве прыняў удзел намеснік старшыні абласной арганізацыі Барыс ЗІНКЕВІЧ.

Райарганізацыя “Белая Русь” была створана ў 2008 годзе. За амаль дзесяцігоддзе сваёй дзейнасці яна заняла пачэснае месца ў грамадска-палітычным жыцці раёна. Зараз членамі яе з’яўляюцца 462 ініцыятыўныя жыхары, якія   аб’яднаны ў 43 пярвічкі.

— Мы заўсёды актыўна ўдзельнічаем у розных акцыях і мерапрыемствах як культурнага, так і палітычнага характару, — адзначыла намеснік старшыні савета раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Алена ЯРМОЛЕНКА. — Каштоўнымі падарункамі ўзнагароджваем маці, чые дзеці дасягнулі добрых вынікаў у інтэлектуальных гульнях і спартыўных спаборніцтвах, лепшых настаўнікаў, перадавікоў народнай гаспадаркі. Таксама аказваем дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, дзецям-інвалідам. Трэба адзначыць, што ў нашым раёне нямала людзей, у тым ліку і сярод моладзі, якія падтрымліваюць мэты і задачы аб’яднання, накіраваныя перш за ўсё на кансалідацыю грамадства, захаванне эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці ў краіне.

Першасная роля адводзіцца працы з маладымі жыхарамі Бялыніччыны, бо менавіта ад іх залежыць, як будзе развівацца наш раён у будучыні. Так, прадстаўнікі “Белай Русі” падтрымалі патрыятычную акцыю “Яблыневы сад у гонар 70-годдзя Перамогі”, якая была арганізавана па ініцыятыве моладзі СВК “Калгас “Радзіма”. У рамках яе актывісты пасадзілі 70 саджанцаў гатункаў “Хані Крысп” і “Імрус” з гадавальніка гаспадаркі на полі каля вуліцы Петрапаўлаўская ў Вішове. Немалы рэзананс выклікаў і леташні флэшмоб “Вальс Перамогі”, які адбыўся 9 мая на плошчы Леніна райцэнтра. Відэа з танцам старшакласнікаў бялыніцкіх школ за некалькі дзён набрала тысячы праглядаў у інтэрнэце і сотні захопленых каментарыяў.

Падчас канферэнцыі прысутныя азнаёміліся са справаздачай кантрольна-рэвізійнай камісіі райарганізацыі, выслухалі выступленні ў спрэчках начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Ірыны ФУРСАВАЙ і Алы ГАПЕЕВАЙ, намесніка дырэктара СШ №2 Таццяны БОНДАРАВАЙ і іншых. Удзельнікі выбралі новых членаў савета і рэвізійнай камісіі, а кіраваць аб’яднаннем зноў даверылі намесніку старшыні райвыканкама Андрэю ГАНЧУКУ.

Праца раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” аднагалосна была прызнана здавальняючай.

Напрыканцы мерапрыемства намеснік старшыні абласной арганізацыі Барыс Зінкевіч уручыў сяброўскія білеты нядаўна прынятым у шэрагі членаў грамадскага аб’яднання, а прадстаўнікі самых актыўных пярвічак Бялыніччыны атрымалі насценныя гадзіннікі з сімволікай “Белай Русі”.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *