Самыя лепшыя жыццёвыя прыярытэты стараецца прывіць сваім дзецям сямейная пара Ірыны КАНАПЛЁВАЙ і Васіля ЛЮБУШАКА

Кожная сямяасаблівая мікрадзяржава, у якой існуюць свае завядзёнкі і традыцыі. А мнагадзетная – тым больш, бо паспрабуй справіцца з шумным дзіцячым рознагалоссем. Тут патрэбна і цвёрдая бацькоўская рука, і матчына ласкавае слова.

Самыя лепшыя жыццёвыя прыярытэты стараецца прывіць сваім дзецям сямейная пара Ірыны КАНАПЛЁВАЙ і Васіля ЛЮБУШАКА з аграгарадка Цяхцін.

Ірына Васільеўна нарадзілася ў вёсцы Скавародка ў звычайнай працоўнай сям’і. Са сваім будучым мужам пазнаёмілася яшчэ падчас вучобы ў Запольскай школе. Але тады амаль не звяртала на яго ўвагі. Навошта ёй быў вясковы “кавалер”, калі хацелася жыць у Магілёве, і далейшы свой жыццёвы шлях яна планавала звязаць менавіта з гэтым горадам. Ірына атрымала прафесію маляра-штукатура, выйшла замуж, нарадзіліся двое дачушак.

Толькі лёс, напісаны ў нябёсах для кожнага чалавека, не   абмінеш. Сямейнае жыццё ў горадзе не склалася, і жанчына з дзецьмі вярнулася да бацькоў. Уладкавалася працаваць даяркай на МТК “Цяхцін” ААТ “Новая Друць”. А праз некаторы час на яе жыццёвым гарызонце з’явіўся Васіль Любушак. Другі раз ствараць сям’ю было страшнавата, але   будучы муж праявіў цярпенне, настойлівасць, ахінуў клопатам яе і дачушак. Гэтым і скарыў сэрца жанчыны.

хлопчыки

поросенок

— Калі я даведалася, што зацяжарыла блізнятамі, — успамінае Ірына Васільеўна, — то была ў вялікім шоку. З дзяўчынкамі справіцца было лягчэй, дый розніца ва ўзросце ў іх значная. А тут двое малых адначасова! Хваляванні проста зашкальвалі. Але муж абнадзеіў, падтрымаў, супакоіў. І за гэта яму вельмі ўдзячная.

Хлопчыкі, Мікіта і Павел, нарадзіліся раней тэрміну, ім прыйшлося доўга ляжаць з маці ў бальніцы. Пры тым клопат пра старэйшых дзяўчынак цалкам лёг на плечы мужа. Васіль не скардзіўся, шмат дапамагаў. Дый усе родныя і блізкія не адмаўляліся пабыць з дзецьмі, калі бацькам трэба было куды адлучыцца.

Зараз блізняты вучацца ў восьмым класе Цяхцінскага ВПК ДС СШ, захапляюцца футболам, актыўна ўдзельнічаюць у жыцці школы. Іх старэйшая сястра Яна заканчвае 11-ы клас і сур’ёзна падумвае аб прафесіі медыка. Самая старэйшая, Марыя, у мінулым годзе скончыла МДУ імя А. Куляшова і зараз працуе псіхолагам у адной з сярэдніх школ горада Бабруйск.

Ірына Васільеўна – дамашняя гаспадыня. Вялікую сям’ю трэба карміць, таму трымаюць на падворку і карову, і свіней, і розную дробную жыўнасць.

— Ніхто з дзяцей не лайдачыць! – усміхаецца Ірына. – У нас галоўная завядзёнка – узаемадапамога. Усе складаныя работы робім толькі разам. А яшчэ дзяцей стымулюем грашыма за старанне. Хлопчыкі не адмаўляюцца “падзарабіць” для сябе капейчыну. Напрыклад, пасадзіць знаёмым бульбу.

Калі ўдзельнічалі ў раённым конкурсе “Мнагадзетная     сям’я – 2017”, тата паабяцаў усе прэміяльныя аддаць дзецям. Таму, як толькі прыехалі дадому, першачаргова дастаў з канверта грошы і падзяліў паміж імі пароўну.

— Бацькі павінны быць максімальна справядлівымі і адкрытымі з дзецьмі, — лічыць Ірына Васільеўна. — І, канечне ж, натхняць сваім прыкладам. Напрыклад, мы з мужам катэгарычна супраць фізічнага пакарання за правіннасці. Дый дзеці самі добра ведаюць, што ім можна рабіць, а што – нельга. І стараюцца лішні раз не засмучаць нас.

Калі да гэтай гасціннай і шчырай сям’і завітала карэспандэнт райгазеты, яна рыхтавалася да ўдзелу у абласным этапе конкурсу “Мнагадзетная сям’я – 2017”.

— Па-праўдзе кажучы, і першае месца ў раённым спаборніцтве для нас аказалася нечаканым, — прызнаецца Ірына. – Родныя, усе суседзі перажывалі за нас, хваляваліся. З імі раздзялілі потым радасць перамогі. Хачу адзначыць, што без падтрымкі настаўнікаў Ірыны ТРАЦЦЯКОВАЙ, Галіны САМУЛЁВАЙ і Таццяны ХАЛЯНКОВАЙ нам давялося б цяжкавата. Усе сем’і, якія прымалі ўдзел у мерапрыемстве, былі дастойнымі сапернікамі.

Дэвіз: “Толькі наперад” шмат гадоў таму прыдумаў наш тата. Вось так з ім і крочым па жыцці.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *