З 8 па 14 мая на грамадзян былі складзены 25 адміністрацыйных пратаколаў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 8 па 14 мая на грамадзян былі складзены 25 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку 16 – за знаходжанне ў пяным выглядзе ў грамадскіх месцах, 4 – за прычыненне пабояў, 3 – за дробнае хуліганства.

І што цяпер садзіць? У ноч з 9 на 10 мая жыхар Свяцілавічаў сцягнуў з падсобнага памяшкання дома сваёй маці мяшок насеннай бульбы. За дробны крадзёж на мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол.

Відаць, на металалом. Бялынічанін звярнуўся ў РАУС з заявай аб тым, што нехта скраў з яго ўчастка па вуліцы Зарэчная некалькі элементаў навяснога абсталявання да трактара Т-40 і карданны вал ад МТЗ-80. Узбуджана крымінальная справа.

Каза. Гаспадыня з вёскі Асавец паскардзілася праваахоўнікам, што 9 мая бадзяжныя сабакі загрызлі яе казу. Супрацоўнікі ААПП праводзяць праверку.

Знаходка. 10 мая а 18 гадзіне вечара каля мехдвара СВК “Калгас “Радзіма” працаўнікі гаспадаркі адкапалі снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Небяспечную знаходку абясшкодзілі.

Рукасты злодзей! З прыватнага дома па вуліцы Янкі Купалы райцэнтра невядомы скраў тэлевізар і відэамагнітафон. Адметна, што злодзей з лёгкасцю пранік у жылое памяшканне шляхам падбору ключа да замка. Супрацоўнікі РАСК праводзяць праверку.

Непадпарадкаванне. Вішаўчанка паведаміла праваахоўнікам, што яе муж праігнараваў ахоўнае прадпісанне і вечарам 12 мая пад мухай заявіўся дамоў. За непадпарадкаванне і неаднаразовае знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскім месцы мужчына атрымаў два адміністрацыйныя пратаколы.

50 літраў самагоннай брагі вырабіў і захоўваў у сябе дома прадпрымальны жыхар вёскі Стадолішча. Па дадзеным факце міліцыянеры праводзяць праверку.

Не пакідайце без нагляду! Гаспадыня з Каліноўкі патэлефанавала на 102 і паведаміла, што невядомы скраў з яе прысядзібнага ўчастка сегментную касілку. Абставіны справы высвятляюць супрацоўнікі РАСК.

Дача. Нехта абрабаваў дачны дом у Рудні. Па словах яго ўладальнікаў, зніклі палівачны шланг і дымар. Агульная сума скрадзенага – 50 беларускіх рублёў. Праводзіцца праверка.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *