Аляксандр САЛАДУХА прыязджае ў Бялынічы

 

Здаецца, кожны беларус ад малага да вялікага ведае на памяць радкі песні “Здравствуй, чужая милая”. Карэспандэнт “Зары над Друццю” пагутарыла з выканаўцам гэтага народнага хіта Аляксандрам Саладухам, які ўжо хутка прыедзе ў Бялынічы з новай канцэртнай праграмай.

солодуха

— У першым аддзяленні сольнага канцэрта, які адбудзецца 31 мая ў РЦК, пройдзе прэзентацыя майго новага, 11-га па ліку, альбома “Мы будем вместе”. Пласцінку, у якую ўвайшлі 10 трэкаў, запісваў увесь 2016 год у Маскве. У другой частцы прагучаць залатыя хіты за тры дзесяцігоддзі маёй творчай дзейнасці. Дарэчы, нядаўна споўнілася 25 гадоў шлягеру “Здравствуй, чужая милая”.

— У той час, калі многія артысты скардзяцца на фінансавы крызіс, вы збіраеце аншлагі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі. У чым сакрэт?

— Проста трэба працаваць, пастаянна развівацца. Свае гастролі арганізоўваю самастойна: я сам сабе і прадзюсар, і адміністратар, і піяр-менеджар. Аднак нічога б не атрымалася без моцнай падтрымкі сям’і. Мая жонка Наталля два гады запэўнівала мяне, што неабходна распачаць сваю справу. І вось у 2006-м я стварыў сваё ІП “Аляксандр Саладуха”. Дзесяць гадоў кампанію на сцэне складаюць мне сыны Антон і Саша – група “Элемент”. Увогуле, у мяне ёсць мара – убачыць плакат “Канцэрт Аляксандра Саладухі з сынамі і дочачкай”. Мая Варанька ў свае шэсць годзікаў выдатна спявае і танцуе.

— На прафесійнай сцэне вы з 1 сакавіка 1987 года. Напэўна, за вашымі плячыма нямала выступленняў…

— Толькі за 10 гадоў даў 660 сольных канцэртаў. А калі браць у разлік ранейшы перыяд, то атрымліваецца — 980! 11 альбомаў, 4 маштабныя гастрольныя туры, і на дасягнутым спыняцца не збіраюся. Ужо зараз рыхтуюся да новай праграмы і гастрольнага тура “6:0”. Да юбілею засталося два гады, і за гэты час трэба шмат чаго зрабіць.

— Пасля крэатыўных ролікаў да “Еўрабачання” вы сталі папулярным і сярод моладзі. Хто прыдумвае для вас такія эпатажныя вобразы?

— Гэтыя відэа да “Еўрабачання” імгненна сабралі больш за сто тысяч праглядаў у інтэрнэце! Крылы матылька – ідэя Першага нацыянальнага тэлеканала. Потым мяне запрасілі на АНТ выканаць пародыю на песню “Вінаград”. Далей ружовы касцюм і крылы анёла… Я не баюся эксперыментаваць, заўсёды адкрыты чамусьці новаму, цікаваму.

— Што вас звязвае са знакамітым расійскім спеваком Стасам Міхайлавым?

— Самыя цёплыя адносіны. Мне вельмі падабаецца яго музыка. Ён нават гасціў у нашым загарадным доме. Ужо трыццаць гадоў сябрую і плённа супрацоўнічаю з беларускім кампазітарам Алегам Елісеенкавым. У новым альбоме размешчаны чатыры яго выдатныя кампазіцыі. А вось украінская зорка Ірына Білык падарыла мне хіт “Мы будем вместе”. Менавіта я ўручаў Філіпу Кіркораву “Залаты грамафон” на “Мінск-арэне”. Шчыра кажучы, з усімі сваімі калегамі па сцэне імкнуся сябраваць.

— Не ўпершыню вы прыязджаеце ў наш горад. Чым на гэты раз будзеце радаваць бялынічан?

— Вядома, шлягерамі “Берега”, “Виноград”, “Калина” і, безумоўна, “Здравствуй, чужая милая”. Спадзяюся, і мой новы сольны альбом прыйдзецца публіцы даспадобы.

Гутарыла Вольга ГОЛЬЦАВА

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *