Днямі ў РЦК адбыўся справаздачны канцэрт выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў

Юныя музыканты, танцоры і вакалісты на працягу амаль дзвюх гадзін радавалі гледачоў сваімі талентамі і майстэрствам, а ў фае цэнтра працавала выстава творчых работ маленькіх мастакоў.

Вядома, пачынаючыя артысты вельмі хваляваліся. Асабліва тыя, хто ўпершыню стаяў на вялікай сцэне. Зразумела, кожны з іх хацеў паказаць родным, блізкім і сябрам, якіх значных поспехаў дасягнуў за час навучання.

— Справаздачны канцэрт – вынік гадавой працы педагогаў і вучняў, — адзначыла дырэктар установы Таццяна ГАРНАСТАЙ. – Нашы дзеці ў гэтым навучальным годзе станавіліся лаўрэатамі шматлікіх конкурсаў, у тым ліку і міжнародных. Актыўна ўдзельнічалі ў гарадскіх святочных мерапрыемствах. Дасягненні выхаванцаў школы – гэта і дасягненні іх настаўнікаў.

За 2016-ы і за некалькі месяцаў бягучага года маленькія зорачкі Бялыніччыны сабралі ўнушальную калекцыю ўзнагарод. Напрыклад, узорны вакальны ансамбль “Акварэлькі” пад кіраўніцтвам Ірыны КОСЦІНАЙ стаў дыпламантам І ступені Венскага конкурсу Sounds and Rhythms of Vienna (Аўстрыя), піяністка Кацярына ТАЛАНАВА – лаўрэатам ІІІ ступені абласнога конкурсу юных піяністаў і дыпламантам спецыяльнага прыза “Надзея” І Рэспубліканскага адкрытага фестывалю-конкурсу фартэпіяннай музыкі “Музычныя іскрынкі”.

Цымбалістка Яна КАСТРОВА стала лаўрэатам І ступені Міжнароднага дыстанцыйнага конкурсу Digi-art Winter (Польшча), ІІІ ступені адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў “Беларускія таленты-2016” і дыпламантам І ступені І Міжнароднага конкурсу мастацтваў “Крыштальны васілёк”, калектыў гітарыстаў “Мелодыя” пад кіраўніцтвам Алены КАПЫЛОВАЙ – лаўрэатам І ступені ІІ Міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў “Музыкі святло” і ІV адкрытага конкурсу-фестывалю выканаўцаў на народных інструментах “Карабиць-фэст” (Украіна), вучні аддзялення выяўленчага і дэкаратыўна-ўжытковага мастацтваў – дыпламантамі Рэспубліканскага адкрытага мастацкага конкурсу і Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Дом мары для маёй сям’і” (Расія)…

аккорд

пижама

дети

дев

верона

танец

Педагогі таксама неаднаразова пацвярджалі свой прафесіяналізм на прэстыжных музычных спаборніцтвах: піяністка Наталля КАБУШАВА – уладальніца дыплома “Лепшы канцэртмайстар” ІІІ адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў “Беларускія таленты-2016”, ансамбль “Тустэп” у складзе цымбалісткі Таццяны ЛОСЕВАЙ, скрыпачкі Наталлі НАБОКАВАЙ і піяністкі Юліі ГРЫЦЫЛА – лаўрэат І ступені Міжнароднага дыстанцыйнага конкурсу Digi-art Winter (Польшча) і дыпламант ІІ ступені VІІ Міжнароднага музычнага конкурсу Internet Music Competition-2017 (Сербія)…

Канцэртная праграма была насычанай. Хлопчыкі і дзяўчынкі старанна ігралі на фартэпіяна, цымбалах, акардэоне, скрыпцы. Натхнёна выконвалі песні і дэкламавалі вершы, з яркім агеньчыкам у вачах танцавалі. Музыкальны падарунак гледачам зрабілі і самыя маленькія выхаванцы школы — вучні падрыхтоўчага класа “Малышок”, якія ўпершыню ўдзельнічалі ў справаздачным канцэрце.

Італьянскія карнавальныя маскі, агонь ірландскіх танцаў, хвалюючая мелодыя бразільскай самбы і незабыўныя беларускія матывы – усё гарманічна пераплялося на гэтым свяце таленту і дзяцінства. Стварыць неверагодную атмасферу дапамаглі і гледачы, якія горача падтрымлівалі юных зорачак. Па шчаслівых усмешках бацькоў было зразумела, што гэта вялікі гонар — выхоўваць таленавітае дзіця.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота Аксаны ПЛЕСКАНЁВАЙ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *