Амаль год зубным фельчарам у Бялыніцкай ЦРБ працуе Дзмітрый СТРУНОВІЧ

Амаль год пасля заканчэння Аршанскага медыцынскага каледжа па спецыяльнасціЗубапратэзная справазубным фельчарам у Бялыніцкай ЦРБ працуе Дзмітрый СТРУНОВІЧ.

струн

Чатыры гады таму тадышні выпускнік СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага ў выбары  будучай прафесіі ніколькі не сумняваўся. З самага дзяцінства ён ведаў, якую абярэ справу. Той дзень, калі Дзмітрый вырашыў стаць зубным фельчарам, ён памятае добра. Яго, сямігадовага хлопчыка, бацькі прывялі ў паліклініку залячыць зуб да стаматолага Ганны БУБЕНКА. Малы ўважліва назіраў за кожным рухам доктара: глядзеў, як яна змешвае лекавыя прэпараты, якімі інструментамі карыстаецца. Тады і з’явілася цікавасць да гэтай прафесіі.

– Ганна Рышардаўна ў той раз мне сказала: “Напэўна, будзеш стаматолагам!”. Так і атрымалася, – усміхаецца малады спецыяліст.

Дзмітрый працуе як у паліклініцы, так і па сумяшчальніцтве ў стаматалагічным кабінеце СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага. За першы працоўны год у выбары прафесіі ён ніводнага разу не расчараваўся. З увагай прымае кожнага пацыента. І, зразумела, па-асабліваму ставіцца да маленькіх наведвальнікаў.

– З дзецьмі працаваць складаней, – разважае стаматолаг. – Іх трэба ўгаварыць, паказаць ці расказаць ім што-небудзь пацешнае. Самаму маленькаму майму пацыенту было два з паловай годзіка. Я яму нешта расказваў, а ён увесь час мяне ўважліва слухаў. Так і залячылі зуб.

Дзмітрый Струновіч задаволены, што першае працоўнае месца атрымаў у родным горадзе. І з’язджаць адсюль не збіраецца:

– Месца працы мяне цалкам задавальняе. У нас добразычлівы калектыў і ветлівыя пацыенты, сучаснае абсталяванне. Ёсць усе ўмовы для плённай працы і далейшага самаўдасканальвання.

І гэта вельмі важна, тым больш, што сваю прафесію малады фельчар лічыць самай лепшай у свеце.

Марыя ШУТ,

студэнтка МДУ імя А.А. Куляшова.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *