Маленькія ямкі – вялікія праблемы: ў некаторых месцах работнікі БУКП “Жылкамгас” няякасна правялі ямачны рамонт

Аўтамабілісты і пешаходы Бялынічаў стойка пераносілі нязручнасці, звязаныя з рамонтам дарожнага пакрыцця, спадзеючыся на выдатны вынік. Аднак камунальнікі, а менавіта яны адказваюць за стан дарог у горадзе, у пэўных выпадках чаканні людзей не апраўдалі.

Падчас чарговага рэйду з супрацоўнікамі АДАІ РАУС па вуліцах райцэнтра карэспандэнт “Зары над Друццю” на свае вочы ўбачыла, што ў некаторых месцах работнікі БУКП “Жылкамгас” няякасна правялі ямачны рамонт. Напэўна, яны недакладна прытрымліваліся тэхналогіі, бо залітыя эмульсіяй і гравійнай сумессю ямы праз некалькі дзён ужо вярнуліся да першапачатковага стану.

— Ад якасці дарожнага пакрыцця таксама залежыць бяспека ўсіх удзельнікаў дарожнага руху: аб’язджаючы яму, кіроўца можа страціць пільнасць і справакаваць ДТЗ, — сцвярджае старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС   Сяргей ХАДАРЭНКА. — Не кажу ўжо пра тое, што з-за дрэннай дарогі пакутуюць і аўтамабілі. Дарэчы, выбаіны і праломы глыбінёй больш за 5 сантыметраў лічацца пашкоджаным дарожным пакрыццём і павінны быць ліквідаваны за лічаныя дні.

ямы

Супрацоўнікі ДАІ пільна сочаць не толькі за парадкам на дарогах, але і за іх станам. Яны пастаянна інфармуюць камунальнікаў і дарожнікаў аб недахопах. Напрыклад, днямі інспектары накіравалі ў БУКП “Жылкамгас” два прадпісанні аб ліквідацыі ям па вуліцы Задруцкая. На іх камунальнікі адрэагавалі хутка – усе пашкоджанні дарожнага пакрыцця ліквідавалі за некалькі гадзін.

Дарогі таксама маюць тэрмін прыдатнасці і разбураюцца пад уздзеяннем мноства фактараў. І ні ў якім разе нельга дапускаць, каб маленькія ямачкі пад коламі машын павольна ператвараліся ў вялікія. Згадзіцеся, нязначныя недахопы ліквідаваць прасцей. Дый танней.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *