Механізатар ААТ “Новая Друць” Яўген ЗАЛАТУХІН заўсёды ў ліку лепшых

У спісе рупліўцаў аграпрамысловага комплексу раёна, якія дасягнулі найвышэйшай дзённай выпрацоўкі падчас вясенне-палявых работ, прозвішча механізатара ААТ “Новая Друць” Яўгена ЗАЛАТУХІНА значыцца адным з першых. На трактары МТЗ-3522 у счэпе з сеялкай АКПМ-6 перадавік пасеяў зерневыя культуры больш як на 1 тысячы гектар.

залатухин

З 7 гадзін раніцы і да самага заходу сонца малады механізатар шчыруе на полі, закладаючы аснову будучаму ўраджаю. Ужо шэсць гадоў Яўген Залатухін працуе ў таварыстве, аднак гэта пасяўная – першая ў яго кар’еры.

— З дзяцінства марыў звязаць сваё жыццё з магутнай тэхнікай, з зямлёй, — успамінае мужчына. – Я – механізатар у трэцім пакаленні, і зараз, гледзячы на свайго маленькага сына, разумею, што працяг у нашай дынастыі будзе.

Родам Яўген Валер’евіч з вёскі Даўгінава, што ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці. Але яму было наканавана лёсам асесці на Бялыніччыне.

— Многа гадоў таму на вяселлі ў сваяка, які жыве ў Вялікай Машчаніцы, сустрэў прыгожую дзяўчыну Святлану з Цяхціна і закахаўся, — расказвае перадавік. — І вось з таго часу мы разам. У шчасці і згодзе выхоўваем дваіх дзетак. Дачушка Аліна, якой сёлета споўніцца 9 гадоў, выдатніца, заканчвае трэці клас, а чатырохгадовы сын Іван праяўляе вялікую цікавасць да тэхнікі, у прыватнасці, да магутных трактароў.

Маладому механізатару даводзіцца выконваць розныя віды сельскагаспадарчых работ: ён праводзіць хімічную апрацоўку пасеваў, убірае  кукурузу і збожжа, трамбуе здробненыя шматгадовыя травы.

— І за якую справу Яўген не ўзяўся б, усё робіць выдатна і ў тэрмін, — сцвярджае намеснік дырэктара па раслінаводстве ААТ “Новая Друць” Уладзімір НАПРЭЕНКА. — Напрыклад, хімапрацоўку пасеваў давяраем толькі самым дасведчаным механізатарам, бо каб працэс прайшоў добра, патрэбныя пэўнае ўменне і спрыт.

Старанне рупліўца без увагі не застаецца: Яўген адзначаўся дыпломамі і падзячнымі лістамі райвыканкама і адміністрацыі ААТ “Новая Друць”.

У вольны час, якога з-за напружанага працоўнага графіка не так шмат, Яўген Залатухін займаецца будаўніцтвам уласнай сядзібы. Малады перадавік дакладна ўяўляе, якім будзе дом для яго вялікай, дружнай сям’і.

— Усё раблю сваімі рукамі, дбайна, не спяшаючыся, — гаворыць механізатар. — Вядома, мяне падрымліваюць жонка, дзеці, родныя і блізкія. Напэўна, у гэтым і заключаецца маё асабістае шчасце!

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *