На конкурс “Сямейныя фотахронікі” ў рэдакцыю “Зары над Друццю” свой здымак даслала ўраджэнка Бялынічаў Алена СТАРАВОЙТАВА

image

“Фота зроблена ў 1958 годзе. Гэта я і мая маці – Марыя КУПРЫЯНЕЦ. Яна нарадзілася 20 мая 1924 года ў горадзе Талачыне Віцебскай вобласці. Падчас вучобы ў школе настаўнікі адзначалі яе схільнасць да дакладных навук. 21 чэрвеня 1941 года маці атрымала атэстат, а 22 чэрвеня пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Летам 1944 года Віцебшчыну вызвалілі з-пад акупацыі, і ўжо ў верасні Віцебскі педінстытут аб’явіў аб наборы студэнтаў. Маці паступіла на фізіка-матэматычны факультэт, а пасля яго заканчэння ў 1948 годзе была накіравана працаваць настаўнікам матэматыкі і фізікі ў Бялынічы. Да сыходу на заслужаны адпачынак яна выкладала алгебру, геаметрыю, трыганаметрыю, фізіку і астраномію ў СШ №1. Марыя Тарасаўна вельмі любіла сваю працу, школу, вучняў. Не адно пакаленне бялынічан асвойвала азы матэматыкі на яе ўроках. Са свайго дзяцінства я памятаю маці, якая кожны дзень увечары сядзела і правярала вучнёўскія сшыткі.

Яна кіравала працай раённай секцыі матэматыкаў, удзельнічала ў арганізацыі школьных, раённых і абласных алімпіяд. Заўсёды ёй прыходзіла шмат віншаванняў з усяго СССР ад былых вучняў.

Працоўныя заслугі Марыі Купрыянец былі адзначаны ўзнагародамі. У 1964 і 1967 гадах яна атрымала Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі БССР і Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюзаў. У 1968 годзе ёй было прысвоена ганаровае званне Заслужаны настаўнік школ БССР. 10 жніўня 1970 года Марыі Тарасаўне ўручылі юбілейны медаль “За доблесную працу”.

Многія яе вучні закончылі прэстыжныя ВНУ Мінска, Масквы, Ленінграда, Кіева і іншых гарадоў былога СССР, сталі знакамітымі людзьмі і добрымі спецыялістамі.”

Падрыхтавала Аксана ПЛЕСКАНЁВА.

Паважаныя чытачы! Чакаем вашы сямейныя фота. Падзяліцеся з намі гісторыямі свайго роду!

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *