Раённы мастацкі музей арганізаваў майстар-клас Алега КАВАЛЁВА па вырабе барэльефаў

У рамках Міжнароднага дня музеяў раённы мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі арганізаваў майстар-клас Алега КАВАЛЁВА па вырабе барэльефаў.

Выстава мастака дзейнічае ўжо на працягу амаль трох тыдняў, і тыя, хто прыходзіў яе паглядзець, зацікавіліся працэсам стварэння рэльефнай прыгажосці.

— Я загадзя зрабіў аснову для сённяшняга майстар-класа, — распавядае Алег Кавалёў, пакуль раскладвае інгрэдыенты для гіпсавай сумесі (з яе і будзе стварацца барэльефнае пано). — Гэта можа быць звычайны ліст фанеры альбо ДВП. Я контурна малюю сюжэт і пакрываю яго акрылавай грунтоўкай. Затым робіцца прапітка на алкіднай аснове, каб сумесь добра замацавалася на паверхні. Калі ўсё добра прасушыцца, можна брацца за асноўную работу.

музей

Для таго, каб прыгатаваць сумесь, майстар выкарыстоўвае гіпсавую тынкоўку, якую можна набыць у любым магазіне будаўнічых матэрыялаў. Перад яе замешваннем у ваду да поўнага растварэння дабаўляецца чайная лыжка лімоннай кіслаты. Гэта робіцца для таго, каб гіпс хутка не застываў. І вось, калі сумесь гатова, можна пачынаць тварыць.

З дапамогай спецыяльнай тонкай пругкай лапатачкі – мастыхіна –  сумесь слой за слоем наносіцца на аснову. Як прызнаецца майстар, вельмі часта ідэі прыходзяць ужо ў працэсе. Бывае, пачынаеш рабіць нешта адно, а падчас лепкі выходзіць зусім іншае. Галоўнае, паспець ажыццявіць усё задуманае, бо гіпс застывае за 2 гадзіны.

Пасля патрэбна яшчэ некалькі гадзін, каб барэльефнае пано зацвярдзела. З дапамогай стамескі альбо ножыка работа абразаецца, і трэба пачакаць дзесьці каля тыдня, каб прыступіць да наступнага этапа – шліфоўкі буйным наждаком. Затым пано грунтуецца, тынкуецца спецыяльнай сумессю і зноў шліфуецца, але на гэты раз выкарыстоўваецца дробны наждак. І толькі пасля ўсіх гэтых аперацый можна прыступаць да пафарбоўкі.

Фарба наносіцца спецыяльнай прыладай – аэрографам. Так можна дабіцца плаўнага пераходу колеру. А для бляску работа пакрываецца воскам.

Сярод школьнікаў, якія прыйшлі на майстар-клас, адным з хвалючых пытанняў было, ці можна зрабіць такія карціны, калі не ўмееш маляваць.

— Я лічу, 95 % поспеху залежыць ад жадання і такіх асабістых якасцей, як цярплівасць і ўседлівасць, — гаворыць Алег Кавалёў. — На самой справе, самі малюнкі можна знайсці ў інтэрнэце, раздрукаваць на прынтары і перанесці на аснову. А вось для лепкі патрэбна акуратнасць.

Шасцікласніца СШ № 2 Дар’я ДУДАРАВА падзялілася сваімі ўражаннямі:

— Вельмі цікава назіраць за працэсам стварэння карцін, якія бачыш на выставе. Дарэчы, нават і не верыцца, што з простых матэрыялаў можна стварыць такія работы.

— Захацелася і самой зрабіць штосьці прыгожае, — дадае яе аднакласніца Анастасія ЦУМАРАВА. — На жаль, сёння мы не зможам убачыць, што атрымаецца з гэтай загатоўкі. Аднак было пазнавальна паназіраць за работай майстра.

Аксана ПЛЕСКАНЁВА.

Фота Вольгі ГОЛЬЦАВАЙ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *