Творчая вечарына вядомага пісьменніка і гумарыста Міколы ПАДАБЕДА адбылася ў сераду ў малай зале РЦК

У сераду ў малай зале РЦК адбылася творчая вечарына, прысвечаная 80-гадоваму юбілею былога рэдактара райгазеты “Зара над Друццю”, вядомага пісьменніка і гумарыста Міколы ПАДАБЕДА.

На святочную сустрэчу завіталі яго родныя і блізкія, калегі па журналістыцы, сябры па Саюзу пісьменнікаў Беларусі, прадстаўнікі ўлады і грамадскасці, школьнікі.

Вечарына прайшла ў душэўнай, па-сямейнаму цёплай атмасферы. Адказваючы на пытанні вядучых мерапрыемства, Мікалай Іванавіч акрэсліў асноўныя вехі свайго жыццёвага шляху, распавёў пра станаўленне ў прафесіі, журналісцкую і рэдактарскую дзейнасць, працоўныя і творчыя здабыткі.

Да глыбіні душы прысутных кранулі яго ўспаміны пра далёкае дзяцінства, родную   вёсачку Пожар, што ў Клімавіцкім раёне, провады бацькі на Вялікую Айчынную вайну, з якой той так і не вярнуўся, і першыя спробы пяра:

– З дзяцінства марыў пісаць, меў прагу да мастацкага слова. Пісаў замалёўкі пра землякоў у раённую газету, мае вершы друкаваліся ў газеце “Піянер Беларусі”. Таму я вельмі шчаслівы, што гэта мара здзейснілася – амаль сорак пяць гадоў шчыраваў на ніве журналістыкі, выдаў некалькі кніг гумарэсак, працягваю друкавацца ў абласной і рэспубліканскай перыядычнай прэсе, у газеце “Зара над Друццю”.

Намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Алена ДЗІВАКОВА шчыра павіншавала Міколу Падабеда з 80-годдзем і зачытала прывітальны адрас намесніка старшыні аблвыканкама  Андрэя КУНЦЭВІЧА. Таксама цёплыя словы юбіляру выказалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына ФУРСАВА, яго калегі, галоўны рэдактар газеты “Магілёўскія ведамасці” Святлана ШУТАВА і рэдактар “Зары над Друццю” Міхась КАРПЕЧАНКА, пісьменнікі Мікола САЛАЎЦОЎ, Мікола ЛЕЎЧАНКА, Віктар КУНЦЭВІЧ.

У прыватнасці, Святлана Шутава адзначыла, што Мікалай Іванавіч адносіцца да той плеяды журналістаў, якім падуладныя ўсе жанры, і хто высока падняў планку журналісцкага майстэрства і ўзровень бялыніцкай раённай газеты, у калектыве якой вырасла шмат выдатных майстроў сваёй справы. Яна таксама падзякавала яго жонцы, Алене Цімафееўне, за натхненне і падтрымку ў творчасці свайго мужа на працягу многіх гадоў.

шутава

школ

казека

Старшыня абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Аляксандр КАЗЕКА адзначыў, што Мікола Падабед усё жыццё застаецца адданым мастацкаму слову і ўзбагаціў літаратурную спадчыну Магілёўшчыны. Аўтар працуе ў тым жанры, які з’яўляецца адным з найскладанейшых у літаратуры, – умець прыкмеціць заганную з’яву і выказаць сваю думку праз сатыру і гумар складаней, чым напісаць прамым тэкстам. Ад імя ўсёй пісьменніцкай супольнасці Беларусі ён пажадаў Мікалаю Іванавічу моцнага здароўя, далейшых творчых поспехаў і ўручыў вышэйшую ўзнагароду СПБ — медаль “За вялікі ўклад у літаратуру”.

Добры настрой прысутных падтрымлівалі канцэртнымі нумарамі артысты цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна. І, зразумела, значнае месца на свяце было адведзена сатыры і гумару.

Напрыканцы сустрэчы Мікалай Іванавіч падзякаваў усім, хто прыйшоў на яго творчую вечарыну, і запэўніў, што яму пашанцавала ў жыцці – сябраваць з такімі выдатнымі людзьмі і быць бялынічанінам.

Тэкст і фота Андрэя СУПІТАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *