З 15 па 21 мая на грамадзян былі складзены 24 адміністрацыйныя пратаколы

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 15 па 21 мая на грамадзян былі складзены 24 адміністрацыйныя пратаколы, у тым ліку 19 – за знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах, 4 – за дробнае хуліганства.

Суседкі. Гаспадыня з Іскры звярнулася ў РАУС з заявай аб тым, што суседка распаўсюджвае пра яе паклёпніцкія звесткі. Пляткарку пакаралі адміністрацыйным пратаколам.

Папсавалі цюнінг. Бялынічанін патэлефанаваў на 102 і расказаў, што невядомы зняў з яго аўтамабіля спойлер – элемент знешняга цюнінгу. Opel быў прыпаркаваны ў двары прыватнага дома па вуліцы Ленінская райцэнтра. Супрацоўнікі РАСК праводзяць праверку.

Пусці! 15 мая ў двары дома № 4 па вуліцы Калініна райцэнтра ўладальніца Audi заблакіравала выезд мужчыне на Volkswagen. За няўдалую паркоўку на жанчыну складзены адміністрацыйны пратакол.

Знік. Гаспадар дачнага дома ў Старым Сяле недалічыўся аднаго пчалінага доміка на сваім участку. Па дадзеным факце міліцыянеры праводзяць праверку.

Неспакойны. 17 мая ў 9.45 у аператыўную дзяжурную службу РАУС патэлефанавала жыхарка вёскі Старое Сяло і паведаміла, што яе муж крадзе з дома прадукты харчавання і абменьвае іх на спіртное. Супрацоўнікі ААПП накіраваліся правяраць дадзеную інфармацыю. Праз некаторы час, у 20.25, яна зноў набрала 102 і паскардзілася на неадэкватныя паводзіны каханага, які ў стане алкагольнага ап’янення абзывае яе непрыстойнымі выразамі і спрабуе ўдарыць. Праваахоўнікі хутка супакоілі мужчыну адміністрацыйным пратаколам.

Адно і тое ж. 17 мая а трэцяй гадзіне дня на АЗС № 67 каля вёскі Карытніца кіроўца Hyundai адарваў заправачны шланг. Праз тры дні гісторыя паўтарылася, аднак ужо на суседняй запраўцы № 69: на гэты раз не змог правільна заправіцца ўладальнік Mitsubishi.

Накапаў. 19 мая жыхар вёскі Вялікі Трылесін адкапаў на прысядзібным участку снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Небяспечную знаходку абясшкодзілі.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *