28 мая ў Беларусі адзначаецца Дзень пагранічніка

Да гэтага свята ў рэдакцыю раёнкі свой ліст даслала наша пастаянная чытачка Ганна БУЧМАНАВА з вёскі Пільшычы.

вова“Добры дзень, дарагая рэдакцыя газеты “Зара над Друццю”!

Зноў я вырашыла напісаць некалькі слоў пра сваё жыццё. Хачу падзяліцца з вамі ўспамінамі пра тыя два гады, калі мой сын Уладзімір служыў у войску.

12 мая 1989 года мы праводзілі яго ў Бялыніцкі ваенкамат. Перад гэтым, канечне, зрабілі развітальны вечар, запрасілі да сябе ў госці сваякоў, сяброў, суседзяў. Так адбылося, што з усяго раёна на той момант прызываўся толькі ён адзін. І трапіў мой Вова на мяжу з Афганістанам, у горад Кушка. Дарэчы, тры маіх браты таксама служылі пагранічнікамі.

Хаця нашы войскі ўжо і былі выведзены з Афганістана, усё роўна вельмі хвалявалася за сына. Ніколі не забуду, як служыў там Аляксандр ЮШКЕВІЧ. Я на той момант працавала на пошце і насіла лісты яго родным. Памятаю, як многа было радасці: бабуля Сашына плача, маці, Лідзія Андрэеўна, хуценька чытае, што напісаў сын. Зараз прыемна чытаць пра яго ў нашай раёнцы, вельмі ім ганаруся і хацела б зноў сустрэцца.

Вось і я два гады жыла ў трывозе. Не перадаць таго хвалявання і шчасця, калі нарэшце атрымлівала ад Вовы чарговы ліст. А як радавалася, калі ён змог прыехаць дадому ў водпуск!

Так адслужыў мой сын у войску да 19 мая 1991 года. Зараз ён жыве са сваёй сям’ёй у Магілёве.

Хачу павіншаваць усіх тых, хто стаіць на варце межаў нашай краіны, з Днём пагранічніка! Здароўя вам і дабрабыту!”.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *