Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 Дзмітрый ГОБАРАЎ правёў прамую тэлефонную лінію і асабісты прыём жыхароў аграгарадка Цяхцін і Цяхцінскага сельсавета

гоб 002Прыём грамадзян праходзіў у будынку Цяхцінскага сельвыканкама. Пераважная большасць зваротаў да дэпутата тычылася атрымання ад яго кампетэнтных тлумачэнняў па пэўных момантах бягучага жыцця. Напрыклад, на тэлефонную лінію паступіў ананімны зварот магіляўчанкі, якая мае лецішча ў адным з паселішчаў Цяхцінскага сельсавета. Яе цікавіла, чаму яна вымушана аплачваць прывазны балон з газам па поўным кошце.

Памочнік дэпутата, дырэктар раёна газазабеспячэння Аляксандр ВАРОНІН, які прысутнічаў на прыёме, падрабязна, кампетэнтна і даходліва растлумачыў жанчыне ўмовы і парадак прадастаўлення льготы па аплаце за спажыванне газу. Яна прадастаўляецца ўласніку жылля толькі па месцы яго рэгістрацыі. І кожны яе атрымлівае.

Жыхаркі аграгарадка Цяхцін Валянціна ХРУШЧОВА і Раіса ЦАПІК папрасілі дэпутата пасадзейнічаць хутчэйшаму завяршэнню правядзення рамонту памяшкання мясцовага аддзялення “Беларусбанка”. Па словах жанчын, рамонт праводзіцца ўжо на працягу двух месяцаў, што спарадзіла пэўныя нязручнасці і асабліва для тых, хто атрымлівае пенсію праз пластыкавую банкаўскую картку.

Старшыня Цяхцінскага сельвыканкама Аляксандр ЦЫБУЛЬСКІ патлумачыў, што рамонт памяшкання праводзіць будаўнічая брыгада ААТ “Новая Друць”. Ён практычна ўжо выкананы, засталося толькі пасцяліць на падлогу лінолеум. Такім чынам, праз  дзень-другі аддзяленне банка пачне дзейнічаць.

Нечаканым для Дзмітрыя Гобарава аказалася і тэлефанаванне адной жыхаркі Цяхцінскага сельсавета, якая павіншавала дэпутата з Днём пагранічніка, які адзначаецца 28 мая. Тэрміновую ваенную службу ў 1980-1982 гадах Дзмітрый Дзмітрыевіч праходзіў у Пагранічных войсках Савецкай Арміі.

Дэпутат падзякаваў жанчыне за цёплыя словы віншавання і, у сваю чаргу, таксама пажадаў ёй моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *