У прэс-цэнтры рэдакцыі газеты “Зара над Друццю” прамую тэлефонную лінію правяла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна МЯКШЫНА

DSC_0009Па пытаннях аздараўлення і працаўладкавання дзяцей у летні перыяд да яе звярнуліся тры чалавекі.

Майму сыну толькі споўнілася 7 гадоў, і я пакуль што баюся адпраўляць яго ў дзіцячы аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем. Ці існуе якая альтэрнатыва, бо не хочацца, каб ён усё лета праседзеў перад  тэлевізарам ці за кампютарам?

Ганна А., Бялыніцкі р-н.”

Таццяна Мякшына:

— Ва ўстановах адукацыі раёна і ДВСУ “Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа” будуць працаваць 13 лагераў з дзённым знаходжаннем. Плануецца, што ў іх курс аздараўлення пройдуць 520 дзяцей і падлеткаў. Дарэчы, сёлета ўпершыню адкрыюцца падобныя аздараўленчыя лагеры ў Свяцілавіцкім ВПК ДС СШ і Галоўчынскай СШ. Таксама на летні перыяд распрацаваны план дзейнасці бібліятэк, камп’ютарных класаў, спартыўных стадыёнаў і гульнявых пляцовак, а спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў дапамогуць дзяўчынкам і хлопчыкам камфортна правесці вялікія канікулы і без лішніх стрэсаў падрыхтавацца да новага навучальнага года.

“Раскажыце, калі ласка, куды на час канікул можна ўладкавацца на працу падлетку? Мне 16 гадоў.

Крысціна М., г. Бялынічы.”

Таццяна Мякшына:

— Традыцыйна, летам на базах СВК “Калгас “Радзіма”, ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”, ААТ “Новая Друць” і БУКП “Жылкамгас” працуюць студэнцкія атрады. Акрамя гэтага, ствараюцца вытворчыя брыгады. Так, у СШ №1 імя М.І. Пашкоўскага і СШ №2 ствараецца брыгада па пашыве пасцельных прыналежнасцей, у Цяхцінскім ВПК ДС СШ – таксама па пашыве, па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі ўстановы адукацыі, у Вішоўскай і Машчаніцкай школах – па азеляненні і добраўпарадкаванні, адпаведна. Каб запісацца ў студэнцкі атрад, звярніцеся ў РК ГА “БРСМ”. А ў вытворчую брыгаду — у мясцовыя ўстановы адукацыі.

“Мяне, як маці траіх дзяцей, хвалюе такое пытанне: колькі трэба даплачваць бацькам да поўнага кошту пуцёўкі ў лагер?

Наталля К.,

Бялыніцкі р-н.”

Таццяна Мякшына:

— Памер даплаты залежыць ад тыпу лагера. Так, у аздараўленчым лагеры з кругласутачным знаходжаннем на працягу 18 дзён яна складзе ад 31 да 48 рублёў, з дзённым знаходжаннем – ад 19 да 32 рублёў, а ў лагеры працы і адпачынку – 24 рублі. Калі ў лагер з кругласутачным знаходжаннем ваша дзіця едзе на 9 дзён, даплаціць прыйдзецца ад 18 да 26 рублёў.

Да слова, сёлета будуць функцыянаваць 5 лагераў з кругласутачным знаходжаннем: “Перамога” (на базе Старасельскага ВПК ДС ПШ) і 4 профільныя – палатачны, для высокаматываваных дзяцей, ваенна-патрыятычны і лагер працы і адпачынку. У іх плануецца аздаравіць 190 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *