Урачыстыя школьныя лінейкі, прысвечаныя заканчэнню чарговага навучальнага года, прайшлі 30 мая ва ўсіх школах Бялыніччыны

І адкрылася дарога ў дарослае жыццё

Павіншаваць вучняў і сёлетніх выпускнікоў завіталі ў школы прадстаўнікі выканаўчай улады, мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый, бацькі.

Удзел ва ўрачыстай школьнай лінейцы, якая адбылася ў Цяхцінскім ВПК ДС СШ, прынялі старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА, кіраўнік Цяхцінскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр ЦЫБУЛЬСКІ, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна МЯКШЫНА, маркетынгу ААТ “Новая Друць” Васіль ГАРАНІНАЎ, пажарнага паста аграгарадка Цяхцін Дзмітрый БАРАНАЎ, інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Сяргей КРАСОЎСКІ. У сваіх выступленнях перад школьнікамі яны шчыра павіншавалі іх з заканчэннем чарговага навучальнага года, а выпускнікам сардэчна пажадалі паспяхова здаць школьныя экзамены і тэсціраванне, кожнаму выбраць спецыяльнасць, у якой здолелі б адбыцца як высокакласныя прафесіяналы і прыносілі сваёй руплівай працай карысць Радзіме, сабе – гонар і павагу.

Госці ўручылі першакласнікам футбольныя мячы. Калектыў ААТ “Новая Друць” навучальнай установе падарыў сертыфікат.

Лепшыя вучні школы былі адзначаны граматамі і дыпломамі, у тым ліку ўзнагарода ўручана і выпускніку Уладзіславу БАРАНАВУ, які стаў адным з пераможцаў галіновай рэспубліканскай алімпіяды, звязанай з інфарматыкай і камп’ютарнымі тэхналогіямі.

З наказам да сёлетніх 11 выпускнікоў Цяхцінскай ВПК ДС СШ таксама звярнуліся дырэктар установы Аляксандр МАМЧАНКА, першакласнікі, першая настаўніца Вольга ЛЯНЬКОВА, ад імя бацькоў – Алена Баранава і Васіль ЛЮБУШАК.

Са школай у кожнага чалавека звязана шмат яркіх успамінаў і непаўторных уражанняў, якія не перастаюць хваляваць усё жыццё. Першы настаўнік, першыя дасягненні, першыя жыццёвыя выпрабаванні, першае каханне… Менавіта ў школе мы вучымся не толькі чытаць, пісаць і лічыць, але і пазнаваць свет, думаць і аналізаваць, сябраваць. У школе мы выбіраем і будучую для сябе прафесію.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Апошні званок – гэта толькі пачатак

Учора ў Вішоўскай школе прайшла святочная лінейка. Апошні званок прагучаў для 15 адзінаццацікласнікаў і 8 дзевяцікласнікаў.

Пад гукі ўрачыстай мелодыі класныя кіраўнікі Алена ВАРАПАЕВА і Ганна ШУПРАНАВА вывелі свае класы на святочную школьную лінейку.

— 199 вучняў завяршылі гэты навучальны год, — адзначыла дырэктар школы Кацярына ЗАЙЦАВА. – Шасцёра з іх – выдатнікі, якія вучацца на “9” і “10”, сямёра на другім этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды заваявалі дыпломы.

Традыцыйна на школьным свяце прысутнічалі ганаровыя госці. Прадстаўнікі СВК “Калгас “Радзіма” Мікалай КАПЯЛЮШ і Наталля ГАРБУЗАВА парадавалі дзяцей каштоўнымі падарункамі праўлення гаспадаркі, а выконваючы абавязкі дырэктара прадстаўніцтва “Белдзяржстраха” па Бялыніцкім раёне Таццяна КРАЎЦОВА – сертыфікатам на 1000 рублёў. Адметна, што Вішоўская СШ – адна з пяці ўстаноў вобласці, якая ў рамках акцыі “Белдзяржстрах – дзецям” атрымала грашовыя сродкі.

Супрацоўнік РАНС Арцём РЫБАКОЎ павіншаваў выпускнікоў і нагадаў усім прысутным правілы пажарнай бяспекі, каб летнія канікулы не азмрочыліся надзвычайнымі сітуацыямі.

Як сімвал пераемнасці пакаленняў першакласнікі перадалі выпускнікам “сонейкі”, а тыя, у сваю чаргу, саступілі ім месца гаспадароў школы.

Радасць, хваляванне, слёзы, стужачкі з залатымі літарамі і прыгожыя букеты кветак… Гэты дзень назаўсёды застанецца ў памяці вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *