У падарожжа з аўталаўкай

У рамках сумеснага праектаЗары над Друццюі райспажыўтаварыстваРаёнкуу кожную аддаленую вёскупа маршруце аўталаўкі разам з прадаўцом Ігарам ПАДДУБСКІМ і вадзіцелем Аляксандрам БЕЛЬСКІМ адправілася і карэспандэнт выдання.

Асноўную частку жыхароў    у вёсках, насельніцтва якіх абслугоўвае калектыў гэтай    аўталаўкі, улетку складаюць дачнікі. Аднак яны ўжо добра ведаюць экіпаж перасоўнай гандлёвай кропкі, яе асартымент і заказваюць патрэбныя прадукты. А так званых мясцовых на першым прыпынку ў Макаўцы налічваецца толькі дзевяць чалавек. Адной з іх з’яўляецца Зінаіда СМАЛЯК.

— Сама я бялыніцкая, а муж мой быў з Полацка. Спачатку там быт наладжвалі,  а потым трэба было вярнуцца і даглядаць маці. Так тут і засталася, — распавядае жанчына. — Зараз жыву з унукам. Ён працуе ў лясніцтве, таму выпісваем дзве газеты: я – нашу “Зару над Друццю”, а ён – сваю, прафесійную. Шчыра кажучы, трохі сумна бывае, асабліва зімой. Во, Ігар да нас прыязджае, у яго можна што спытаць. Таксама раёнку адкрыю, пачытаю. Усё ж тады весялей становіцца.

Трохі праехаўшы наперад, аўталаўка спыняецца каля дома Марыі ГРОДНІКАВАЙ. У лістападзе ёй споўніцца 80 гадоў. Як прызнаецца жанчына, яна без раёнкі свайго жыцця не ўяўляе: адкуль жа яшчэ даведацца пра навіны з усяго Прыдруцкага краю?

— Нарадзілася я ў Бярэзінскім раёне, а на Бялыніччыну прывёз муж. Цяпер жыву адна. Дачушка мая ў райцэнтр пераехала, а сын – у Заполлі жыве. Раёнку выпісваю, вельмі люблю яе і заўсёды з задавальненнем чытаю.

баб

Вось і зараз услед за намі ў вёску прыехала паштовая машына і ўручыла жанчыне чарговы нумар “Зары над Друццю”.

Мясцовы жыхар Уладзімір ГАРЭЛІК прызнаецца, што яму зручней газету набыць самому. Таму купляе яе час ад часу ў аўталаўцы. Чытае ў раёнцы ўсё. Таксама мужчына папрасіў рэдакцыю надрукаваць паболей добрых рэцэптаў для жонкі, калі надыдзе час нарыхтоўваць на зіму садавіну і гародніну.

А ў вёсцы Глыбокі Брод мы сустрэлі мясцовага жыхара з вельмі незвычайным хобі: пенсіянер Артур ВІЛЬНЕЎСКІ запрасіў паглядзець на яго калекцыю чучал птушак і звяроў, якія ён робіць сам.

— Пачаў захапляцца гэтай справай 17 гадоў таму, калі пайшоў на пенсію. Матэрыялы для экспанатаў мне прыносяць паляўнічыя і мясцовыя жыхары, — тлумачыць Артур Емяльянавіч. — А зрабіць чучала для мяне не цяжка. Я працаваў ветэрынарам, настаўнікам хіміі і біялогіі. Вось і зараз да мяне прыязджаюць школьнікі на экскурсіі. Я гасцям заўсёды рады, усё пакажу, распавяду.

вальс

вильн

бабочки

І сапраўды, калекцыянер з задавальненнем прадэманстраваў сваю калекцыю матылькоў (больш за 200 відаў), распавёў, якім чынам да яго патрапіў той ці іншы экспанат. Падчас нашай маленькай   экскурсіі разам са сваім гаспадаром бегаў маленькі сабачка Вальс, які сваю незвычайную мянушку атрымаў з-за таго, што ўмее вальсіраваць. Толькі пакажы яму ласунак – ён гатовы закружыцца ў сапраўдным танцы. А яшчэ чацвераногі  сябар Артура Емяльянавіча любіць спяваць пад акардэон, што і ўдалося пабачыць на ўласныя вочы.

Тэкст і фота Аксаны ПЛЕСКАНЁВАЙ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *