З 22 па 28 мая на грамадзян былі складзены 20 адміністрацыйных пратаколаў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 22 па 28 мая на грамадзян былі складзены 20 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку 11 – за знаходжанне ў пяным выглядзе ў грамадскіх месцах, 5 – за дробнае хуліганства. Таксама за гэты час супрацоўнікі РАСК узбудзілі 3 крымінальныя справы.

Пасажыр. 22 мая а 15 гадзіне ў аператыўную дзяжурную службу РАУС паступіла паведамленне аб тым, што ў салоне маршрутнага таксі “Мінск-Магілёў” пасажыр у стане алкагольнага ап’янення курыць і на заўвагі сваіх спадарожнікаў не рэагуе. Супрацоўнікі міліцыі высадзілі мужчыну з маршруткі і склалі на яго адміністрацыйны пратакол.

Не час для санак. Гаспадыня з вёскі Масцішча паскардзілася міліцыянерам, што нехта ў ноч з 26 на 27 мая з двара яе дома сцягнуў самаробныя санкі і бідон. Абставіны справы высвятляюцца.

І нават сейф! Кіраўнік адной з фермерскіх гаспадарак раёна звярнуўся да праваахоўнікаў з заявай аб тым, што з тэрыторыі СФГ у вёсцы Малінаўка-2 зніклі наутбук, набор гаечных ключоў, матрац, пісталет для забівання цвікоў і сейф. Па дадзеным факце праводзіцца праверка.

Парфума з водарам злачынства. У РАУС з заявай аб крадзяжы звярнулася жанчына з вёскі Асавец. Яна расказала, што 27 мая знаёмая, пагасціўшы ў яе, прыхапіла з сабой флакон туалетнай вады.

Футбольны мяч, які каштуе 28 рублёў, невядомыя “запазычылі” з гаспадарчай пабудовы жыхаркі Вялікага Кудзіна. Жанчына падазрае, што гэта зрабілі непаўналетнія мясцовыя жыхары. Міліцыянеры праводзяць праверку.

Дай мне знак! Работнікі БУКП “Жылкамгас” зрабілі каля дома № 52 па вуліцы Калініна новую штучную няроўнасць, але адпаведныя знакі для аўтамабілістаў не паставілі. На адказную службовую асобу прадпрыемства быў складзены адміністрацыйны пратакол.

Без вады. Магіляўчанка паведаміла праваахоўнікам, што ў перыяд са снежня 2016-га па 27 мая 2017-га нехта зрэзаў кран для падачы вады ў яе дачны дом. Праводзіцца праверка.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *