Дзеля бяспечных канікул

Для школьнікаў дні летняга адпачынку самыя вясёлыя і бестурботныя, а для супрацоўнікаў МНС у такой жа ступені напружаныя. Іх задача – прадухіліць магчымыя трагедыі,  бо калі, як не ў вольны час, у дзяцей узнікае спакуса паспрабаваць нешта забароненае. Прычым, гэта можа быць не толькі гульня з агнём, але і няўмелае карыстанне электрапрыборамі і іншымі прыладамі павышанай небяспечнасці.

рыбУ рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Канікулы без дыму і агню” супрацоўнікі РАНС наведваюць дзіцячыя лагеры адпачынку дзённага знаходжання, сем’і, дзе выхоўваюцца непаўналетнія, дзеці-інваліды, сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, з мэтай папярэджання траўматызму і гібелі падлеткаў ад магчымых надзвычайных сітуацый. Да аднаго з такіх рэйдаў па населеных пунктах Вішоўскага сельсавета далучылася і карэспандэнт раённай газеты.

— Хоць ацяпляльны сезон афіцыйна скончыўся, усё адно вялікая ўвага надаецца праверцы стану пячнога ацяплення ў дамах, — адзначае супрацоўнік РАНС Арцём РЫБАКОЎ. — Першыя дні лета не радуюць цяплом і, безумоўна, людзі працягваюць паліць печы і грубкі.

Першы пункт на маршруце – вёска Камяніца. У сям’і, да якой завітала рэйдавая, выхоўваюцца двое дзяцей-інвалідаў. Прадстаўнік выратавальнай службы правёў з гаспадарамі сядзібы прафілактычную размову, праверыў стан электраправодкі, спраўнасць пячнога ацяплення і аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

Усяго за час рэйду рабочая група наведала 14 сем’яў з дзецьмі ў вёсках Камяніца, Малінаўка і Саглассе. Правілы супрацьпажарнай бяспекі ў іх у асноўным выконваюцца, але без парушэнняў усё ж такі не абышлося.

— Большасць недахопаў датычацца стану печаў і электраправодкі, — каменціруе ўбачанае Арцём Рыбакоў. — Падчас абходаў дамоў пастаянна тлумачым гаспадарам, што расколіны ў печах трэба ліквідаваць як мага хутчэй, пры мантажы электраправодкі яе неабходна закладваць у спецыяльны рукаў ці пластыкавыя карабы, нельга пакідаць у лёгкай даступнасці для дзяцей складаныя электрычныя прыборы, падключаныя да крыніцы сілкавання. Калі ў летні перыяд распачалі рамонт, пастарайцеся кожны раз пасля завяршэння працы прыбіраць за сабой інструменты, будаўнічыя матэрыялы. Не дапускайце эксплуатацыі няспраўных разетак і электрапроваду. Невыкананне гэтых простых правілаў можа паслужыць прычынай дзіцячага траўматызму і пажараў. І, самае галоўнае, не пакідайце дзяцей адных, вучыце іх бяспечным паводзінам на ўласным прыкладзе. Няхай летні адпачынак прынясе ім толькі добры настрой.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *