Хобі бялынічанкі Алы ЦІТАЎЦОВАЙ цяжка не заўважыць: яркія кветнікі, размешчаныя на яе падворку, адразу кідаюцца ў вочы мінакам

У кожнага з нас ёсць любімы занятак, якому мы прысвячаем вольны час. Некаторыя трымаюць яго ў сакрэце, а вось, напрыклад, хобі бялынічанкі Алы ЦІТАЎЦОВАЙ цяжка не заўважыць. Яркія кветнікі, размешчаныя на яе падворку, адразу кідаюцца ў вочы мінакам.

Па родзе прафесійных заняткаў Ала Аляксееўна ніколі не была звязана з раслінным светам. Пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання яна працавала загадчыкам вытворчасці, а затым – дырэктарам грамадскага харчавання ў райспажыўтаварыстве. Пасля доўгі час шчыравала галоўным спецыялістам раённага Савета дэпутатаў, а перад пенсіяй працавала ў ЦСАН.

Аднак у яе садзе заўсёды былі кветкі. Адразу з выхадам на заслужаны адпачынак тры гады таму, калі ў жанчыны з’явілася больш вольнага часу, яна ўзялася за ўвасабленне даўняй мары ў рэальнасць. І стварыла на прысядзібным участку сапраўдны аб’ект ландшафтнага дызайну.

Усе кветкі і расліны гаспадыня купляе праз інтэрнэт. З землянымі работамі на кветніках Ала Аляксееўна спраўляецца самастойна. А дзеці і ўнукі прыходзяць у госці, каб з задавальненнем адпачыць у маляўнічым куточку.

Пасля працы ў садзе Алу Цітаўцову чакае іншае захапленне, якое на гэты раз схавана ад вачэй выпадковых людзей. Яна вышывае крыжыкам шыкоўныя карціны, ад якіх проста захоплівае дух.

пруд

флам

всад

малит

Сярод сваіх твораў майстрыха асабліва ганарыцца вышытымі рэпрадукцыямі карцін знакамітых мастакоў, якія выстаўлены ў вядомых карцінных галерэях: “Незнаёмая” Івана Крамскога, “Ранішняя малітва” Чарльза Барбера, “Вершніца” і “Італьянскі поўдзень” Карла Брулова.

– Гэта вельмі карпатлівая і доўгая праца, – дзеліцца ўражаннямі Ала Цітаўцова. – Ды і матэрыялы для вышыўкі каштуюць не танна. Аднак, калі праходжваюся па пакоях і любуюся сваёй вышыванай прыгажосцю, то разумею – яно таго варта! Гэты занятак так зацягвае, што і спыніцца немагчыма. Калі мае сёстры ўбачылі карціны, то таксама пачалі вышываць.

На дадзены момант у калекцыі Алы Аляксееўны каля дваццаці карцін. Цяпер жанчына вышывае падушку, якая ўпрыгожыць інтэр’ер аднаго з пакояў дома.

Сядзібу Алы Цітаўцовай не хочацца пакідаць. Заходзячы ў дом, нібыта трапляеш з батанічнага сада ў карцінную галерэю. На такую прыгажосць хочацца глядзець зноў і зноў.

Марыя ШУТ,

студэнтка МДУ імя А.А. Куляшова.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *