Аператар кацельнай гаспадаркі БУКП “Жылкамгас” Ларыса БУРКО амаль дваццаць пяць гадоў свайго жыцця аддала працы на родным прадпрыемстве

Увесь гэты час разам з калегамі яна забяспечвае падачу ў дамы бялынічан узімку цеплыні, а гарачай вады на працягу ўсяго года.

бур_цветПасля заканчэння СШ №2 маладая дзяўчына выбрала для далейшага навучання спецыяльнасць рэжысёра-пастаноўшчыка. У школьную пару яна займалася ў драматычным гуртку бялыніцкага ТЮГа, актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, вяла школьныя мерапрыемствы. Таксама добра дэкламавала вершы і сама спрабавала іх пісаць. Таму паслухалася парады настаўнікаў і паступіла ў Магілёўскае вучылішча культуры.

У хуткім часе Ларыса выйшла замуж, вярнулася ў родныя Бялынічы, нарадзіла дачку. Пасля адпачынку па доглядзе дзіця яе працоўная сцежка зрабіла паварот ад сферы культуры да сухіх і дакладных лічбаў – Ларыса Васільеўна завочна скончыла Смілавіцкі тэхнікум і працаўладкавалася бухгалтарам у райсельгастэхніку.

Праз некалькі гадоў у яе жыцці распачаўся чарговы этап: пасля нараджэння сына і скарачэння пасады бухгалтара ў 1993 годзе жанчына пачала рабіць у жылкамгасе.

Спачатку Ларыса Бурко працавала лабарантам хімічнай водаачысткі ў кацельні, брала пробы і рабіла аналізы хімічнага складу вады, праводзіла рэгенерацыю сістэмы фільтрацыі.

– Для спраўнай працы ацяпляльнага катла патрэбна якасная змякчаная вада, – расказвае Ларыса Васільеўна. – Інакш з-за накіпу ў трубах можа здарыцца няспраўнасць, якая прывядзе да збою ў функцыянаванні ўсёй сістэмы ацяплення. Раней для гэтага даводзілася засыпаць уручную шмат солі ў вялікія фільтры. Зараз ручной працы значна паменела, стала больш аўтаматыкі і дыстанцыйнага кантролю за ўсімі працэсамі.

Наогул, за прамінулыя гады на вачах Ларысы Бурко ў кацельнай гаспадарцы ЖКГ адбыліся значныя перамены:

– Першая кацельня, дзе я рабіла, працавала на мазуце. У ёй было шумна і брудна. Цяпер жа ў нас на вытворчым аб’екце чысціня і парадак. Кацельня нагадвае аранжарэю, якую круглы год          упрыгожваюць зялёная расліннасць і кветкі.

Але і працуючы ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, Ларыса Бурко заўсёды знаходзіла прымяненне сваім творчым здольнасцям і энергічнасці. Доўгі час удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Нават у складзе хора прадпрыемства выступала на аглядзе-конкурсе, які праходзіў у Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. І цяпер Ларыса Васільеўна застаецца актыўнай, як і ў юнацтве. Раней яна любіла паспаборнічаць з калегамі ў лыжных гонках падчас традыцыйнага зімовага свята. Цяпер займае прызавыя месцы ў турнірах па дартсе, часта наведвае басейн і асвойвае більярд.

Тэкст і фота Андрэя СУПІТАЛЁВА.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *