91 работнік ДЭУ № 74 РУП “Магілёўаўтадар” пры дапамозе 52 адзінак тэхнікі даглядаюць транспартныя артэрыі 4 раёнаў Магілёўскай вобласці

Кожны з іх імкнецца прафесійна выконваць свае працоўныя абавязкі, бо ад якасці дарожнага палатна залежыць камфорт і бяспека людзей.

У 2002-м на базе Бялыніцкага дарожна-будаўнічага ўпраўлення было створана ДЭУ-74. За 15 гадоў, дзякуючы імкліваму развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы і пастаяннаму павышэнню прафесійнай кампетэнтнасці кадраў, прадпрыемства дасягнула значных вышынь. Напрыклад, па выніках працы за 2016 год ДЭУ-74 прызнана пераможцам раённага спаборніцтва ў галіне будаўніцтва і архітэктуры і ўзнагароджана пераходным Ганаровым сцягам, Дыпломам райвыканкама і грашовай прэміяй, а сярод дарожна-эксплуатацыйных упраўленняў вобласці заняло трэцяе месца.

На плячах кожнага дарожніка, ад простага рабочага да дырэктара, ляжыць вялікая адказнасць, бо ў час інтэнсіўных транспартных зносін паміж гарадамі, раёнамі, абласцямі і краінамі галоўную ролю адыгрываюць якасць дарог і іх прапускная здольнасць.

— Мы дапамагаем карыстальнікам аўтамабільных дарог рэалізоўваць сваё права на камфортны круглагадовы і кругласутачны праезд, забяспечваем утрыманне дарожнага палатна ў бяспечным для руху стане, — адзначае дырэктар ДЭУ № 74 РУП “Магілёўаўтадар” Андрэй КОЛАСАЎ. – Наша стратэгія заключаецца ў тым, каб пастаянна паляпшаць дарогі, якія мы абслугоўваем, падтрымліваць іх на ўзроўні адных з лепшых у рэспубліцы шляхам асваення новых метадаў працы, тэхналогій і прымянення сучасных якасных матэрыялаў.

Фронт работ у калектыва прадпрыемства даволі вялікі. ДЭУ-74 даглядае транспартныя артэрыі чатырох раёнаў: Бялыніцкага, Круглянскага, Шклоўскага і Магілёўскага. Агульная працягласць абслугоўваемых дарог складае 296,43 кіламетра, з якіх больш за 48 км – І катэгорыі (чатырохпалосная М4). Мастоў і пуцеправодаў — 43.

Спецыялісты прадпрыемства знаходзяць час і магчымасці для дапамогі сваім калегам. Так, заказы паступаюць ад РУП “Віцебскаўтадар”. А летась работнікі ДЭУ-74 удзельнічалі ў падрыхтоўцы Мсціслаўля да свята “Дажынкі-2016”: бялыніцкія дарожнікі адрамантавалі 15 кіламетраў дарогі з прымяненнем тэхналогіі Slurry Seal. Дарэчы, дадзеная тэхналогія з’яўляецца дастаткова складанай і патрабуе высокай культуры вытворчасці. Яе выкарыстанне дазваляе папярэдзіць і прыпыніць ужо распачатыя працэсы старэння дарожнага пакрыцця, аднавіць яго эксплуатацыйныя характарыстыкі. І нашы рупліўцы з гэтым спраўляюцца, тым больш што ў мінулым годзе яны атрымалі спецыяльную ўстаноўку для нанясення халодных літых  сумесяў MACROPAVER 12B, аналагаў якой у дарожнікаў Магілёўскай вобласці няма.

Аднак кіраўніцтва ДЭУ-74 ганарыцца перш за ўсё не высокапрадукцыйнай дарагой тэхнікай, а сваімі выдатнымі работнікамі. Віктар ЛЕМЕШАЎ, Міхаіл ХОДАРАЎ, Міхаіл ШЧАЦІНКА, Яўген АРАХОЎСКІ, Станіслаў БАНДЭЛІКАЎ, Віктар БАРАШКОЎ, якія дзесяцігоддзямі шчыравалі, а многія і зараз працягваюць працаваць на прадпрыемстве, узнагароджаны нагруднымі знакамі Міністэрства транспарту і камунікацый “Ганаровы дарожнік Беларусі”. Менавіта на іх раўняюцца трактарыст Аляксандр АРЦЁМАЎ, аператар устаноўкі Slurry Seal Павел КОРАБАЎ, электрагазазваршчык Андрэй ШНЭЙДАР і іншыя перспектыўныя работнікі ўпраўлення.

кор

кандрацьевы

гарбузавы

арцёмаў

Адметна, што ў ДЭУ-74 шчыруюць сем’ямі. Машыніст аўтапагрузчыка Мікалай КАНДРАЦЬЕЎ і вадзіцель Генадзь КАНДРАЦЬЕЎ – родныя браты. Поруч з Мікалаем у якасці дарожнай рабочай працуе жонка Наталля, а Дзмітрый, сын Генадзя, як і бацька, кіруе шматтоннай машынай. Мікалай і Аляксандр ГАРБУЗАВЫ таксама з’яўляюцца прадстаўнікамі працоўнай дынастыі. Мікалай – трактарыст. Ён задаволены тым, што стаў часткай такога зладжанага калектыву. Безумоўна, мужчына вельмі ганарыцца сваім сынам Аляксандрам, начальнікам лінейна-дарожнай дыстанцыі.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *