З 29 мая па 4 чэрвеня на грамадзян былі складзены 16 адміністрацыйных пратаколаў і 6 крымінальных спраў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 29 мая па 4 чэрвеня на грамадзян былі складзены 16 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку 10 – за знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах, 2 – за дробнае хуліганства. Таксама за гэты час супрацоўнікі РАСК узбудзілі 6 крымінальных спраў.

Дурман. Вечарам 31 мая каля Ермалавіч праваахоўнікі спынілі Peugeot, якім кіраваў жыхар горада Круглае. Пры аглядзе аўтамабіля міліцыянеры знайшлі скрутак з парашком белага колеру. Як высветлілася, гэта быў наркотык. У адносінах да мужчыны распачата крымінальная справа.

100 долараў захацеў прапіць вясковец з Васількоў. Жонка была супраць, таму мужчына прыгразіў ёй расправай. На дапамогу жанчына выклікала супрацоўнікаў РАУС, якія і супакоілі ўладальніка валюты адміністрацыйным пратаколам.

Сусед. А другой гадзіне ночы 3 чэрвеня брыгада хуткай медыцынскай дапамогі даставіла ў ЦРБ 23-гадовага жыхара вёскі Сцёхава з дыягназам: “пранікальнае раненне брушной поласці, клінічныя прыкметы алкагольнага ап’янення”. Аказалася, што маладога чалавека параніў сусед, які ўвечары завітаў у госці. Распачата крымінальная справа.

Арсенал. У 76-гадовага цяхцінца праваахоўнікі выявілі і канфіскавалі пісталет, ружжо і 4 патроны 16-га калібра. Увесь гэты арсенал мужчына захоўваў у сябе дома незаконна. Па дадзеным факце праводзіцца праверка.

Амаль 30 літраў самагоннай брагі вырабіў і захоўваў дома жыхар вёскі Дзевашычы. Праводзіцца праверка.

Стаміўся. 2 чэрвеня а 13 гадзіне ў аператыўную дзяжурную службу РАУС паступіла паведамленне аб тым, што каля рэстарана “Бялынічы” ляжыць п’яны мужчына. У адносінах да аматара алкагольных напояў, які стаміўся па дарозе дамоў, складзены адміністрацыйны пратакол.

Рагатыя хуліганы. Статак кароў, што гуляў каля вёскі Каліноўка, пашкодзіў  аўтамабіль магіляўчаніна. Пастухі не змаглі ўсачыць за рагатымі, бо самі былі “на рагах”. За знаходжанне на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення яны атрымалі адміністрацыйныя пратаколы.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *