14 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень донара крыві

Ад таго, што гэтыя самаадданыя людзі аднойчы прынялі рашэнне падзяліцца часцінкай сябе з іншымі, былі выратаваны многія і многія жыцці. У тым ліку і ў аўтара гэтых радкоў.

Плотникова— Донарская кроў неабходна пры лячэнні многіх захворванняў, — гаворыць медсястра кабінета трансфузіялагічнай дапамогі ЦРБ Таццяна ПЛОТНІКАВА (на здымку). — Пераліванні крыві востра патрэбныя для анкалагічных хворых, тых, хто знаходзіцца ў рэанімацыі, хірургічным і радзільным аддзяленнях. Многія хваробы ўвогуле нельга лячыць без донарскай крыві. У райбальніцы створаны незніжальны запас прэпаратаў усіх груп крыві і хутказамарожанай плазмы для таго, каб экстрана аказаць хвораму неабходную дапамогу.

— А колькі чалавек на Бялынічыне з’яўляюцца донарамі?

— Іх лік хутка дасягне ста чалавек. Большасць з донараў – медработнікі. Гэта і не дзіўна, бо людзі ў белых халатах заўсёды нераўнадушна адносяцца да чалавечых трагедый, а кроў, як вядома, патрэбна ў самых крайніх выпадках, калі літаральна кожная хвіліна на ўліку. Дарэчы, 10 жыхароў нашага раёна носяць званне “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”. Яны 40 і больш разоў здавалі кроў. Сярод іх Любоў ЖУКАВА, Алена КУЗНЯЦОВА, Раіса ЛОНСКАЯ, Алена КОХАН, Таццяна ЗУБРЫЦКАЯ, Аксана СКУБІЛАВА, Алена ЯКАВЕНКА…

Прыемна адзначыць, што ўсе ганаровыя донары, якія працягваюць здаваць кроў, працуюць на розных пасадах у нашай ЦРБ.

Таксама нашы донары прымаюць удзел у мерапрыемствах па безаплатнай здачы крыві. Напрыклад, сёлета напрыканцы красавіка праводзілася рэспубліканская акцыя “Гарачае сэрца”, у якой паўдзельнічалі 53 жыхары раёна.

— Калі чалавек нераўнадушны да чужой бяды і хоча стаць донарам крыві, што для гэтага патрэбна яму зрабіць?

— Донарам можа стаць любы здаровы грамадзянін ад 18 да 60 гадоў. Ёсць пералік хвароб, з якімі здаваць кроў супрацьпаказана. З ім можна азнаёміцца ў нашых спецыялістаў. Таксама чалавек павінен прайсці агульнае абследаванне ў ЦРБ і пакінуць свае кантакты, каб можна было адшукаць яго ў тым выпадку, калі спатрэбіцца экстраная данацыя.

— Якія льготы прадугледжаны для донараў па заканадаўстве?

— Пасля дня кровадачы донар атрымлівае дадатковы выхадны з захаваннем сярэдняга заробку. Таксама ён можа дадаць гэты дзень да свайго адпачынку. За адну кровадачу донар атрымлівае каля 80 рублёў і прысмакі, каб хутчэй аднавіліся сілы. Ганаровы донар атрымлівае льготу на пазачарговае медыцынскае абслугоўванне, даплату да пенсіі па ўзросце і працоўны адпачынак у любы зручны час.

Гутарыла Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *