Прызванне атрымалі з нябёсаў: 18 чэрвеня адзначаецца Дзень медыцынскіх работнікаў

Некалі старажытнагрэчаскі філосаф Сакрат казаў, што ўсе прафесіі ад людзей і толькі тры з іх ад Бога: настаўнік, суддзя і ўрач. І калі настаўнікі больш за ўсё патрэбны ў пачатку нашага жыцця, суддзяу сталасці, то без дактароў нельга ўявіць сваё існаванне ўвогуле.

Людзі ў белых халатах не толькі стаяць на варце жыцця і здароўя, яны даюць нам надзею на лепшае. А іх чысты, светлы колер службовага адзення нагадвае аблачынкі, якія апусціліся з нябёсаў на зямлю.

— Што для мяне значыць быць доктарам? — перапытвае загадчык хірургічнага аддзялення ЦРБ Сяргей СУВЕЕЎ. – Без перабольшвання скажу – сэнс усяго жыцця. Нягледзячы на тое, што прафесія ўрача-хірурга складаная і вельмі адказная, яна прываблівала мяне з юнацтва. 26 гадоў таму я стаў працаваць у хірургічным аддзяленні ЦРБ. За гэты перыяд многае перамянілася, шмат якія рэчы прыйшлося пераасэнсаваць, але нават і думкі не ўзнікала здрадзіць любімай спецыяльнасці.

Зараз у хірургічным аддзяленні працуюць 25 чалавек, і амаль усе яны, як адзначае Сяргей Леанідавіч, апантаныя сваёй справай, нераўнадушныя да людской бяды. Аб гэтым сведчаць не толькі дыпломы і граматы, якімі ў розны час заахвочваўся калектыў аддзялення, але і вершаваныя радкі ўдзячных пацыентаў.

Сув

хирург

— Асноўны цяжар амбулаторнай хірургіі нясуць Алена МІХАЛЬ і Уладзімір БАЛАХОНЦАЎ, — распавядае Сяргей Сувееў. — Больш за 35 гадоў пачэснай справе ўрача аддаў Аляксандр НІЗАЎЦОЎ. Цяпер ён знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Шмат часу працуе ў нашым аддзяленні хірург Аляксей АСТАФ’ЕЎ. А ў мінулым годзе калектыў папоўніў малады спецыяліст Аляксандр ЦМЫГ. Хачу адзначыць яго высокі ўзровень падрыхтоўкі, жаданне расці прафесійна, цікавасць да новых, прагрэсіўных метадаў працы.

У сярэднім, за год у аддзяленні папраўляюць сваё здароўе каля тысячы жыхароў Прыдруцкага краю.

— Большую частку хірургічных працэдур і экстраную медыцынскую дапамогу аказваем сваімі сіламі. Толькі ў самых цяжкіх выпадках адпраўляем пацыентаў для далейшага лячэння ў медыцынскіх установах абласнога цэнтра, — гаворыць Сяргей СУВЕЕЎ. —   6 гадоў таму набылі адпаведнае абсталяванне, асвоілі і шырока выкарыстоўваем на практыцы лапараскапічныя аперацыі. Дзякуючы ім паспяхова лечым апедыцыт, гінекалагічныя хваробы, запаленчыя працэсы жоўцевыводзячых шляхоў…

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара і Аляксея РАГУЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *