Высокія тэхналогіі шырока ўкараняюцца ў практыку работы бялыніцкіх медыкаў

Абяўлены сёлета год навукі прадугледжвае ўзаемадзеянне навукі з усімі сферамі нашай жыццядзейнасці. І ў першую чаргу з такімі, як эканоміка, адукацыя і, безумоўна, медыцына. Высокія тэхналогіі шырока ўкараняюцца і ў практыку работы бялыніцкіх медыкаў.

— Дзякуючы прагрэсіўным тэхналогіям значна палепшылася якасць медыцынскага абслугоўвання нашых пацыентаў, — гаворыць галоўны ўрач ЦРБ Павел МАНЬКО. — Электроннай чаргой і замовай талона да ўрача праз інтэрнэт ужо нікога не здзівіць. Гэтымі паслугамі карыстаюцца многія жыхары Бялыніччыны.

Аппарат

Некалькі месяцаў назад у паліклініцы быў устаноўлены рэнтгенадыягнастычны апарат “УНІЭКСПЕРТ тры плюс” для правядзення рэнтгенаскапічных і рэнтгеналагічных даследванняў, у якім аналагавая апрацоўка здымкаў заменена на лічбавую. За кароткі час апарат ужо выдатна зарэкамендаваў сябе. Нашмат павысілася якасць здымкаў, скараціўся час іх апрацоўкі. Да таго ж, можна перадаваць іх у лічбавым фармаце па электроннай пошце.

Таксама кожная сельская ўрачэбная амбулаторыя аснашчана спецыялізаванай праграмай “Урач агульнай практыкі”, якая дазваляе пераводзіць дакументы пацыентаў у лічбавы фармат, больш поўна сачыць за правядзеннем дыспансерызацыі на вёсцы, збіраць і акумуляваць звесткі аб хваробах чалавека ў лічбавым фармаце і многае іншае. Таксама ў практыку актыўна ўкараняецца тэлемедыцынскае кансультаванне пры дапамозе сеткі інтэрнэт і скайпа. Гэтая паслуга стане карыснай для тых, хто па стане здароўя не можа наведаць медыцынскую ўстанову.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *