26 чэрвеня адзначаецца Дзень работнікаў пракуратуры

Беларуская пракуратура вядзе адлік пачатку сваёй дзейнасці з 26 чэрвеня 1922 года, калі трэцяя сесія ЦВК Беларускай ССР для ажыццяўлення нагляду за выкананнем законаў і барацьбы са злачыннасцю прыняла Палажэнне аб пракурорскім наглядзе і заснавала Дзяржаўную пракуратуру ў складзе Народнага камісарыята юстыцыі. Напярэдадні прафесійнага свята журналіст раёнкі пагутарыў з пракурорам раёна, саветнікам юстыцыі  Міхаілам АНДРОСЕНКАМ.

прок

– Міхаіл Іванавіч, якім накірункам у рабоце пракуратура надае асаблівую ўвагу?

– Пракуратура ажыццяўляе нагляд за дакладным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўных прававых актаў. Пракурорскія работнікі сочаць за выкананнем заканадаўства аб зваротах грамадзян, захаванні дзяржаўнай уласнасці; пры ажыццяўленні аператыўна-вышуковай дзейнасці; за выкананнем закона ў ходзе судовай вытворчасці, папярэдняга следства і дазнання; за адпаведнасцю закону судовых пастаноў; за захаваннем заканадаўства пры выкананні пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, а таксама мер прымусовага характару. Акрамя таго, пракуратура каардынуе дзейнасць праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу са злачыннасцю і карупцыяй. Таксама шмат увагі надаём пытанням прафілактыкі як адміністрацыйных, так і крымінальных правапарушэнняў.

– Падзяліцеся, калі ласка, вынікамі працы па названых напрамках.

– У 2016 годзе і за мінулы перыяд бягучага года па выніках праверак законнасці на прадпрыемствах, у арганізацыях, установах пракуратурай былі ўнесены 45 прадстаўленняў аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў заканадаўства, 72 прадпісанні службовым асобам, апратэставаны 26 лакальных нарматыўных актаў.

Па патрабаванні пракурора да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты, адпаведна, 96 і 178 асоб, да матэрыяльнай – 111 фізічных і службовых асоб на суму 14 810 рублёў.

У рамках работы па наглядзе за дзейнасцю РАУС і раённага Следчага камітэта пры ажыццяўленні дазнання і папярэдняга следства пракуратурай раёна вывучана больш за 420 матэрыялаў, па якіх прыняты рашэнні аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, з іх па 25 – у сувязі                  з непаўнатой правядзення праверак.

175 крымінальных спраў, што паступілі ў пракуратуру раёна, былі накіраваны ў суд для разгляду па сутнасці.

Пракурорскія работнікі прынялі ўдзел у падтрыманні абвінавачвання па 96 крымінальных справах і разглядзе больш за 200 грамадзянскіх спраў у раённым судзе.

У абарону інтарэсаў дзяржаўных і іншых арганізацый раёна пракуратурай прад’яўлены ў суд 121 іск, якія былі задаволены на суму 71 986 рублёў. У эканамічны суд накіраваны 23 іскавыя заявы, якія задаволеныя на суму каля 620 тыс. рублёў.

– Па якіх пытаннях да вас звяртаюцца грамадзяне?

– У пракуратуру людзі звяртаюцца з рознымі пытаннямі і скаргамі. Да кожнага з тых, хто звярнуўся, падыходзім індывідуальна і заўсёды імкнемся дапамагчы. Большасць грамадзян звяртаюцца ў сувязі з нязгодай па прынятых рашэннях аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці, па пытаннях выканання працоўнага заканадаўства: аб выплаце заработнай платы, захаванні бяспечных умоваў працы. Пры гэтым колькасць зваротаў па апошнім пункце знізілася. Гэта звязана ў многім з тым, што наймальнікі сталі юрыдычна больш пісьменнымі і менш парушаюць заканадаўства.

– Якасна выкананы аб’ём работы сведчыць аб тым, што ў пракуратуры працуюць высокакваліфікаваныя прафесіяналы.

– Сапраўды, у раённай пракуратуры служаць сапраўдныя прафесіяналы з высокім пачуццём адказнасці, якія дастойна нясуць званне абаронцаў закона, добрасумленна выконваюць свае службовыя абавязкі, праяўляюць ініцыятыву, дасягаюць станоўчых вынікаў у працы.

Трыццаць адзін год прысвяціла службе памочнік пракурора Наталля НІКАЛАЕНКА, бездакорная і добрасумленная праца якой адзначана падзякамі пракурора Магілёўскай вобласці і Генеральнага пракурора Беларусі.

У снежні мінулага года наш калектыў папоўніў намеснік пракурора Дзяніс КАТКАВЕЦ, які да гэтага больш за пяць гадоў адпрацаваў на пасадзе памочніка пракурора Шклоўскай пракуратуры. За кароткі час ён зарэкамендаваў сябе пісьменным і дасведчаным спецыялістам, неаднаразова ўзнагароджваўся кіраўніцтвам пракуратуры Магілёўскай вобласці.

Таксама значны ўклад у агульную справу ўносяць загадчыца канцылярыі пракуратуры Наталля КАВАЛЁВА, вадзіцель Юрый ШУТАЎ, кур’ер Надзея БЕЛЬСКАЯ.

Напярэдадні свята і 95-гадовага юбілею беларускай пракуратуры хачу пажадаць нашым супрацоўнікам і ветэранам моцнага здароўя і падтрымкі з боку родных і блізкіх. У прафесійнай дзейнасці – далейшых поспехаў на ніве ўмацавання правапарадку, захавання закона, свабод і правоў грамадзян і нашай дзяржавы.

Гістарычная даведка

Пракуратура Бялыніцкага раёна створана ў 1931 годзе на падставе пастановы ЦВК і СНК БССР ад 25 красавіка для ажыццяўлення нагляду за дакладным выкананнем законаў усімі ўстановамі, пасадавымі асобамі і грамадзянамі, правядзення папярэдняга расследавання і нагляду за дзейнасцю судоў па крымінальных і грамадзянскіх справах.

У ліпені 1944 года, пасля вызвалення Бялыніччыны ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, дзейнасць пракуратуры была адноўлена.

У свой час яе ўзначальвалі П. ШАЛЯПЕНКА, П. ДАРАСЕВІЧ, А. ПАДОЛЬСКІ, Г. ЗЛОТНІКАЎ, Я. ШНЭЙДАРМАН, У. НАЛІВАЙКА, М. РАЗАНЦАЎ, С. ПАРФЁНАЎ.

Шмат сіл і жыццёвай энергіі аддала службе на варце законнасці былы намеснік пракурора раёна Тамара РАКІЦКАЯ. Больш за 30 гадоў добрасумленна шчыравала на пасадзе загадчыцы канцылярыі пракуратуры Рэгіна ВАЛЧАНКОВА.

Гутарыў Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *