У прэс-цэнтры рэдакцыі “Зара над Друццю” прамую тэлефонную лінію правёў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй КУНЦЭВІЧ

У мінулую сераду ў прэсцэнтры рэдакцыі раённай газетыЗара над Друццюпрамую тэлефонную лінію для насельніцтва Бялыніцкага, Клічаўскага, Круглянскага і Шклоўскага раёнаў правёў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй КУНЦЭВІЧ. Таксама Андрэй Міхайлавіч прыняў удзел у пасяджэнні круглага стала, на якім было абмеркавана шырокае кола пытанняў сацыяльнай накіраванасці

У час правядзення прамой тэлефоннай лініі з насельніцтвам чатырох суседніх раёнаў і на пасяджэнні круглага стала, у якім прынялі ўдзел рэдактары раённых газет “Зара над Друццю” – Міхась КАРПЕЧАНКА, “Сельскае жыццё” (Круглае) – Аляксандр ПАЎЛАЎ, “Сцяг Саветаў” (Клічаў) – Людміла ПРАКАПОВІЧ, намеснік рэдактара “Ударнага фронту” (Шклоў) – Алена РАВЯКА, спецыяльны карэспандэнт абласной газеты “Магілёўскія ведамасці” Галіна ХІТРЫКАВА, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК, начальнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вольга ТАРАН, аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна МЯКШЫНА, былі глыбока і дэтальна разгледжаны наступныя тэмы: арганізацыя працы летніх аздараўленчых і працоўных лагераў для школьнікаў, дзейнасць студэнцкіх будаўнічых атрадаў, перспектывы развіцця валанцёрства і ажыццяўлення на падставе дзяржаўна-прыватнага партнёрства праектаў у сацыяльнай сферы, занятасць насельніцтва, функцыянаванне аб’ектаў аграэкатурызму, размеркаванне маладых спецыялістаў, аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне і шэраг іншых.

Кунц

Адносна зваротаў насельніцтва чатырох суседніх раёнаў на прамую тэлефонную лінію да намесніка старшыні аблвыканкама трэба сказаць, што ўсе яны насілі растлумачальны характар. Кожны, хто цікавіўся тым ці іншым пытаннем, атрымаў ад Андрэя Кунцэвіча кампетэнтны і вычарпальны адказ.

Кажучы аб сёлетнім летнім аздараўленчым сезоне, намеснік старшыні аблвыканкама звярнуў увагу на тое, што перад стартам яго ў Магілёўскай вобласці надавалася вялікая ўвага выкананню комплексу падрыхтоўчых работ на ўсіх аб’ектах стацыянарнага аздараўлення дзяцей, укараненню новых форм працы з падлеткамі, каб яны не толькі ўмацавалі сваё фізічнае здароўе, але развіваліся інтэлектуальна і маральна.

У гэтым плане аказаўся запатрабаваным і вопыт Бялыніцкага раёна па арганізацыі летняга лагера з ухілам на ваенна-патрыятычнае выхаванне школьнікаў. Зараз ён, у прыватнасці, выкарыстоўваецца і ў летніку, што арганізаваны на базе Магілёўскага інстытута МУС. Цікавы досвед узаемадзеяння маецца і ў Клічаўскім раёне, дзе некалькі гадоў запар для мясцовых школьнікаў арганізоўваецца лагер працы і адпачынку на базе лясгаса.

– Такія формы выхаваўчай працы з падлеткамі, якія растуць у гэтак званых нядобранадзейных сем’ях, вельмі эфектыўныя, – адзначыў Андрэй Кунцэвіч і дадаў, што сёлета на падрыхтоўку матэрыяльнай базы аздараўленчых лагераў Магілёўшчыны было выдаткавана з розных крыніц фінансавання больш за 700 тысяч рублёў. І гэта яшчэ не ўсё. На днях адбудзецца чарговая сесія абласнога Савета дэпутатаў, на якой значная сума сродкаў, заробленых на рэспубліканскім суботніку, таксама будзе выдаткавана на ўмацаванне матэрыяльнай базы летнікаў Прыдняпроўскага краю.

У гэтым годзе выдзелены дастаткова сур’ёзныя сумы бюджэтных грошай на падзешаўленне пуцёвак у аздараўленчыя лагеры для пэўных катэгорый дзяцей. Не засталіся ўбаку ад гэтай добрай справы і прафсаюзы прадпрыемстваў, некаторыя грамадскія аб’яднанні.

Намеснік старшыні аблвыканкама паінфармаваў журналістаў, што за бягучы летні перыяд на Магілёўшчыне ў лагерах з дзённым і кругласутачным знаходжаннем аздаровяцца прыкладна каля 42 тысяч дзяцей, больш за дзве тысячы падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў з карысцю правядуць свой вольны час у лагерах працы і адпачынку. Што ж да нашага раёна, то аздараўленне ў лагерах з дзённым і кругласутачным знаходжаннем пройдуць больш за 700 падлеткаў.

абмерк

ПЫТАННЕ:На рынку працы сітуацыя няпростая. Ці адаб’ецца яна на дзейнасці будатрадаў?

Андрэй Кунцэвіч: – Нягледзячы на гэта, выкарыстоўваюцца ўсе магчымасці, каб забяспечыць будатрадаўцаў фронтам работ і даць ім магчымасць падзарабіць. У шэрагу рэгіёнаў вобласці робіцца ўсё, каб пад поўную патрэбнасць забяспечыць летнюю занятасць школьнікаў і студэнтаў. Напрыклад, у Бялыніцкім раёне паспяхова арганізоўваецца праца байцоў сельскагаспадарчых атрадаў.

На сёлетні летні перыяд у 170 арганізацыях Магілёўскай вобласці ствараецца больш за 6 тысяч рабочых месц менавіта для будатрадаўцаў, ужо заключаны адпаведныя дагаворы больш як на паўтары тысячы рабочых месц. У Шклоўскім раёне будатрадаўцы будуць узводзіць, напрыклад, малочна-таварны комплекс у вёсцы Сліжы ЗАТ “Вялікія Славені”, у Круглянскім – ён будзе дзейнічаць на базе жылкамгаса, на Бялыніччыне – у СВК “Калгас “Радзіма”, ААТ “Новая Друць”. У мінулым годзе маладзёжнай будоўляй было аб’яўлена будаўніцтва аперацыйнага блоку абласнога анкадыспансера. Сёлета там таксама будуць працаваць будатрадаўцы. На Клічаўшчыне, дзе ўвосень пройдуць абласныя “Дажынкі”, таксама вызначаны шэраг аб’ектаў, на якіх маюць магчымасць з карысцю правесці свой вольны час маладыя людзі.

Адзначу, што кіраўніцтва вобласці, раёнаў, прадпрыемстваў, абкам ГА “БРСМ” разумеюць усю важнасць забеспячэння працоўнай занятасці школьнікаў і студэнтаў, вялікую значымасць будатрадаўскага руху. Менавіта ў такіх фарміраваннях юнакі вучацца працаваць у камандзе, гэта і добрая школа для праяўлення ўласных лідарскіх якасцей, і выдатны шанец для кожнага маладога чалавека быць запатрабаваным цяпер і ў далейшым жыцці.

 ПЫТАННЕ: – Сёлета адбыўся двайны выпуск (па 5-гадовай і 4-гадовай праграмах навучання) студэнтаў ВНУ. Ці адчуваецца на Магілёўшчыне напружанасць па атрыманні маладымі спецыялістамі свайго першага працоўнага месца?

А. К: – Давайце прыгадаем, як тры-чатыры гады таму ўспрымалася размеркаванне выпускнікоў ВНУ? Што толькі не гаварылася наконт яго. Час паказаў, што размеркаванне з’яўляецца дзяржаўнай гарантыяй атрымання першага працоўнага месца і дадатковых сацыяльных ільгот. Малады спецыяліст на сваім першым рабочым месцы                 атрымлівае прафесійныя навыкі, мае магчымасць для самарэалізацыі і кар’ернага  росту. Іншыя вызначаюцца з правільнасцю свайго прафесійнага выбару.

І сёлета кожны з 4,5 тысячы выпускнікоў ВНУ і ўстаноў сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі Магілёўскай вобласці, якія набывалі прафесію на бюджэтнай аснове, будуць працаўладкаваныя па атрыманых спецыяльнасцях.

Пакуль яшчэ да канца не вырашана пытанне па працаўладкаванні нязначнай колькасці выпуснікоў прафесійна-тэхнічнай адукацыі (будаўнікі, Бабруйская зона), бо арганізацыі, па накіраванні якіх тыя навучаліся, адклікалі свае заяўкі. Зараз працуем персанальна па кожным з гэтых выпускнікоў, выходзім на раёны, ураджэнцамі якіх яны з’яўляюцца. Як вядома, на радзіме лягчэй і прасцей знайсці працу. Паўтаруся, у мінулым годзе кожны выпускнік ВНУ і ўстаноў сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі Магілёўскай вобласці, які набываў прафесію на бюджэтнай аснове, быў працаўладкаваны. Спадзяюся, што так будзе і сёлета. Па Бялыніцкім, Клічаўскім, Круглянскім і Шклоў-скім раёнах усе выпускнікі забяспечаны першым рабочым месцам.

ПЫТАННЕ: – Ці існуе магчымасць правесці сёлета Міжнародны пленэр мастакоў “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве” на Кругляншчыне, дзе жыў вялікі расійскі жывапісец Мікалай НЕЎРАЎ і зроблена вельмі многае па ўшанаванні яго  памяці?

А. К.: – Адзначу, што ідэя правядзення Міжнароднага пленэру “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве” нарадзілася і першапачаткова была ўвасоблена на Бялыніччыне. Потым яе падхапіла ўпраўленне культуры аблвыканкама, і пленэры пачалі праводзіцца на радзіме вядомых мастакоў. Праходзіў ён ужо і на Кругляншчыне.

Існуюць розныя ацэнкі адносна якасці правядзення пленэраў. Галоўная задача заключаецца ў тым, каб захаваць высокія ўзровень і прадстаўніцтва гэтага мерапрыемства, палепшыць яго.

На Кругляншчыне зроблена вельмі многае па ўшанаванні памяці Мікалая Васільевіча Неўрава, іншых знакамітых асоб. Створаны добрыя ўмовы для правядзення разнастайных прадстаўнічых мерапрыемстваў.

Пытанне аб месцы правядзення чарговага Міжнароднага пленэру “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве” пакуль застаецца адкрытым. Каб рэалізаваць агучаную ў пытанні прапанову, неабходна падтрымка кіраўніцтва Круглянскага райвыканкама і дырэкцыі Круглянскай ПМК № 266.

ПЫТАННЕ: – Падчас выязной нарады-семінара членаў Савета Рэспублікі і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, якія выбраны ад Магілёўскай вобласці, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар МАРЗАЛЮК выказаўся, што на Магілёўшчыне яшчэ не распрацавана сістэмная перспектыўная праграма развіцця аграэкатурызму.

А. К.: – Тэма развіцця аграэкатурызму ў рэгіёне пастаянна прысутнічае ў клопатах мясцовых улад. Успомнім той час, калі гэта сфера толькі-толькі пачынала развівацца, і што ёсць сёння. Гэта новая галіна эканомікі  прасоўваецца наперад у многім у залежнасці ад геаграфічнага размяшчэння раёнаў. На Быхаўшчыне сёння паспяхова дзейнічае каля 30 аграсядзіб.

З іншага боку, тут павінен прысутнічаць і жывы інтарэс самога чалавека, яго матэрыяльная зацікаўленасць і ініцыятыўнасць, здольнасць нестандартна думаць. Іншымі словамі, базісам з’яўляецца само жаданне чалавека ці групы асоб. Адпаведнае заканадаўства створана. Як і дзейнічае матэрыяльная падтрымка гаспадарам аграэкасядзіб.

Заўважу, што сёння тэма развіцця аграэкатурызму набывае дадатковую актуальнасць. Гэта вельмі добрая форма для самазанятасці насельніцтва. Такую магчымасць, безумоўна, трэба выкарыстоўваць. І чым раней, тым лепей.

У развіцці аграэкатурызму ў рэгіёне, лічу, яшчэ большую актыўнасць павінен праяўляць і грамадскі савет па развіцці аграэкатурызму ў Магілёўскай вобласці. Аднак, зыходнай кропкай павінна быць жаданне самога канкрэтнага чалавека.

ПЫТАННЕ: – Як вырашаецца праблема недахопу месцаў у дзіцячых садках?

А. К.: – Праблема заключаецца не ў тым, што не хапае месцаў у дзіцячых садках. Проста, бацькі выбіраюць крокавую даступнасць дзіцячага садка. Не заўсёды ўдаецца задаволіць такое зразумелае іх жаданне, але ўсе дзеці па дасягненні трохгадовага ўзросту забяспечваюцца месцамі ў дзіцячых садках. І тут выкарыстоўваюцца самыя розныя падыходы, каб прапанаваць бацькам варыянт, які ім  найбольш падыходзіць. Дзеля паляпшэння сітуацыі перапрафілююцца пад дзіцячыя садкі, дзіцячыя групы некаторыя сацыяльныя ўстановы, а таксама будуюцца новыя. Напрыклад, сёлета ў Казіміраўцы будзе ўведзены ў эксплуатацыю новы дзіцячы садок.

ПЫТАННЕ: – Увядзенне новага віду сацыяльнай дапамогі мнагадзетным сем’ям (сямейны капітал) засведчыла і яе запатрабаванасць. З пачатку аказання яе толькі на Бялыніччыне яна прызначана ўжо 93 такім сям’ям. Станоўчы момант заключаецца і ў тым, што расце колькасць мнагадзетных сем’яў у краіне. Статыстыка сведчыць, што з моманту ўвядзення адпаведнага ўказа колькасць            іх павялічылася на 22 працэнты.

На вашу думку, ці існуе патрэба ў пашырэнні пераліку ўмоў датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу? Напрыклад, на будаўніцтва жылля, пры ўзнікненні нейкіх іншых канкрэтных экстраных сітуацый?

А. К.: – Такія прапановы паступаюць. Яны акумулююцца, улічваюцца, вывучаюцца,              абмяркоўваюцца. Да гэтай тэмы праяўляюць жывы інтарэс і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, абласнога Савета дэпутатаў. Тэма набывае актуальнасць.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *