З 12 па 18 чэрвеня супрацоўнікамі міліцыі былі складзены 16 адміністрацыйных пратаколаў

Цёплае надвор’е, якое ўсталявалася на Бялыніччыне на мінулым тыдні, можна сказаць, паўплывала і на паводзіны некаторых грамадзян. Красці сталі менш, а вось біцца – больш.

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя Ігнатовіча, з 12 па 18 чэрвеня супрацоўнікамі міліцыі былі складзены 16 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у п’яным выглядзе – 10, за прычыненне пабояў – 5 і за дробнае хуліганства – 1.

Мілыя лаюцца. Жыхарка Малога Кудзіна заявіла ў міліцыю, што сужыцель аблаяў яе нецэнзурнымі словамі і ўдарыў. А нецвярозы жыхар вёскі Сцёхава паскардзіўся праваахоўнікам на жонку, якая не пускае яго ў дом. Яшчэ адзін сямейны тыран разбушаваўся ў Бялынічах. У стане алкагольнага ап’янення ён нанёс пабоі жонцы і дачцэ. На кожнага мужчыну складзены адміністрацыйныя пратаколы.

Падкузьміў. Пасля сумеснага распіцця спіртнога з аднавяскоўцам жыхар Цяхціна не далічыўся мабільнага тэлефона коштам 500 рублёў, аб чым назаўтра паведаміў у міліцыю. Па факце крадзяжу праводзіцца праверка.

Выняла з пятлі. Вечарам 13 чэрвеня ў РАУС патэлефанавала занепакоеная жыхарка аграгарадка Галоўчын і паведаміла, што яе сужыцель двойчы спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Праваахоўнікі праводзяць праверку.

“Чысты” злодзей. Тым жа вечарам у міліцыю паступіла заява ад бялынічанкі: незнаёмы сцягнуў у яе два камплекты пасцельнай бялізны і ручнікі, якія яна вывесіла на вуліцы прасушыцца.

“Разумны” сабака. Бялынічанка патэлефанавала ў дзяжурную часць РАУС і паведаміла аб тым, што безгаспадарчы сабака задушыў суседскага гуся і закапаў птушку на яе градках.

Атрымаў кожны. Апоўначы 17 чэрвеня двое бялынічан нешта не падзялілі і ўсчалі бойку. У выніку, адзін з іх атрымаў кровападцёкі і зламаны нос, а другі –  павышаную ўвагу з боку праваахоўных органаў.

Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *