З 23 па 25 чэрвеня ў Круглым праходзіць Х абласная спартакіяда АПК Магілёўшчыны

Удзел у ёй прымаюць каля 800 аматараў спорту з ліку работнікаў аб’яднанняў, прадпрыемстваў і арганізацый аграпрамысловага комплексу рэгіёну.

У праграму спартакіяды ўвайшлі спаборніцтвы па міні-футболе, стрытболе, шахматах, кіданні гранаты, кулявой стральбе, армрэслінгу, лёгкаатлетычным кросе і эстафеце. Удзельнікі спаборніцтваў таксама пераадолеюць паласу перашкод, прыгатуюць лепшую паходную страву, паспрабуюць шчасця на рыбалцы… Асобна арганізаваны спаборніцтвы для кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, начальнікаў райсельгасхарчаў, якія памераюцца спрытам у стральбе, дартсе і валейболе.

Пераможцаў вызначаць у асабістым і камандным заліках. Акрамя таго, аргкамітэт заснаваў шэраг спецыяльных прызоў і намінацый – самаму юнаму і самаму ўзроставаму спартсменам, “Міс спартакіяды”, “За волю да перамогі”, “За лепшую экіпіроўку каманды”. Каманды-пераможцы атрымаюць кубкі і медалі, спартсмены – дыпломы і каштоўныя падарункі.

Падобныя спаборніцтвы спрыяюць згуртаванасці працоўных калектываў і ўсталяванню сяброўскіх сувязей паміж работнікамі розных прадпрыемстваў.

Жадаем бліскучых перамог спартсменам-аграрыям Бялыніччыны!

Міхась ЗАВЕЙНЫ.                      

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *