Афіцыйная дэлегацыя Бялыніччыны наведала горад-пабрацім Рыльск

Па запрашэнні адміністрацыі Рыльскага раёна Курскай вобласці з 16 па 18 чэрвеня афіцыйная дэлегацыя Бялыніччыны на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Андрэем ГАНЧУКОМ наведала горад пабрацімаў.

Галоўнай мэтай гэтай сустрэчы стала далейшае ўзмацненне сувязей у сацыяльнай сферы: паглыбленне і пашырэнне ўзаемадзеяння ў галіне культуры, адукацыі, спорту, турызму і аховы здароўя. Бялынічан сустракаў кіраўнік адміністрацыі Рыльскага раёна Андрэй ЛІСМАН, які выказаў цёплыя прывітальныя словы і надзею на плённае супрацоўніцтва паміж двума раёнамі.

У рамках візіту адбылася сустрэча начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірыны ФУРСАВАЙ, якая таксама з’яўляецца старшынёй райарганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, і старшыні праўлення Саюза жанчын Расіі Рыльскага раёна Ларысы ДЗЕМЧАНКА. На ёй былі абмеркаваны планы па супрацоўніцтве паміж арганізацыямі і правядзенні агульных мерапрыемстваў.

Таксама рыляне выказалі цікаўнасць да ўзаемадзеяння ў сферы спорту. Як адзначыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна ЦЕЦЕРУКОВА, была разгледжана магчымасць правядзення ў жніўні і верасні-кастрычніку на Бялыніччыне сумесных спаборніцтваў па рукапашным баі і футболе.

Разбавілі афіцыйны настрой візіту экскурсіі па памятных і знакамітах месцах Рыльска, наведанне архітэктурна-гістарычных помнікаў. Таксама госці прынялі ўдзел у значнай падзеі для ўсіх жыхароў Курскай вобласці – ХVII міжрэгіянальным універсальным аптова-рознічным кірмашы “Курскі Карэнскі кірмаш-2017”, які калісьці праславіў гэты старажытны горад як “Паўднёвыя гандлёвыя вароты Расіі”. Штогод на ім падпісваюцца інвестыцыйныя пагадненні, пратаколы аб устанаўленні пабрацімскіх сувязей, дагаворы аб супрацоўніцтве ў розных сферах эканомікі.

У рамках Карэнскага кірмашу быў зроблены яшчэ адзін крок па наладжванні Беларуска-Расійскіх сувязей. Андрэй Ганчук прыняў удзел у падпісанні плана мерапрыемстваў на 2017-2019 гады да пагаднення аб супрацоўніцтве паміж адміністрацыяй Курскай вобласці і Магілёўскім аблвыканкамам ад 10 сакавіка 2015 года.

Разам з афіцыйнай дэлегацыяй раёна ў госці да рылян прыехалі і артысты народнага ансамбля фальклорнай музыкі “Бялыніцкія музыкі” (кіраўнік Вольга Маісеенка). Яны парадавалі сваім яскравым выступленнем гасцей кірмашу.

делегация музыки

Аксана ПЛЕСКАНЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *