Бялынічы былі абраны месцам правядзення гандбольных спаборніцтваў

Амаль на два тыдні Магілёўшчына стала арэнай для фінальных спаборніцтваў XII Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў.

Удзел у ёй прынялі больш за 2,5 тыс. юных спартсменаў з усіх рэгіёнаў краіны. Яны высвятлялі мацнейшых у 21 летнім відзе спорту на 19 спартыўных аб’ектах. Бялынічы былі абраны месцам правядзення гандбольных спаборніцтваў.

З 14 па 18 чэрвеня на пляцоўцы ФАКу “Друць” сапернічалі юнакі 2002-2003 гадоў нараджэння. З самай першай гульні, у якой сутыкнуліся зборныя Гродзенскай вобласці і горада Мінск, юныя гандбалісты дэманстравалі добрую вывучку, хуткасць і запал. У матчы адкрыцця з лікам 34:26 перамаглі гродзенцы. Упэўнена стартаваўшы, дружына Гродзенскай вобласці ў выніку святкавала агульную перамогу ў турніры. Другое месца заваявалі гандбалісты зборнай горада Мінск, трэцяе – Мінскай вобласці.

23 чэрвеня эстафету ў юнакоў перанялі дзяўчаты 2002-2003 гадоў нараджэння. Пераможцам спаборніцтваў таксама стала зборная Гродзенскай вобласці, якая выйграла ўсе свае гульні. Добра выступіла на турніры і дружына Магілёўскай вобласці, касцяк якой склалі восем выхаванак Бялыніцкай ДЮСШ – Дар’я БАСЕВІЧ, Надзея ГЛАЗКІНА, Яна ПЛАТОНАВА, Вольга СЕЛЯДЦОВА, Вераніка СКОБЕЛЕВА, Ганна РУЦКАЯ, Вольга ЮШКЕВІЧ і Вікторыя ЛАПО. Магіляўчанкі абгулялі саперніц з Мінска (24:20), разышліся мірам з гамяльчанкамі (27:27) і заслужана першынствавалі ў сваёй групе. У фінальнай стадыі нашы дзяўчаты перамаглі зборную Брэсцкай вобласці, але ў матчы за першае месца саступілі гараднічанкам і заваявалі срэбраныя медалі. Трэцімі сталі гандбалісткі Брэстчыны, якія перайгралі ў матчы за бронзавыя ўзнагароды каманду Гомельскай вобласці.

Падчас урачыстага закрыцця спаборніцтваў заслужаныя ўзнагароды – кубкі, медалі і дыпломы – юным гандбалісткам уручылі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна МЯКШЫНА, прадстаўнік Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, заслужаны трэнер Беларусі Раіса ГРЭБЕНЬ, галоўны суддзя спаборніцтваў Сяргей БЛАГАСЛАЎСКІ, дырэктар раённай ДЮСШ Віктар ПАДОЛЬСКІ.

– Такія спаборніцтвы з’яўляюцца выдатнай арэнай, на якой моладзь праяўляе свае лепшыя якасці, мужнасць і настойлівасць, волю да перамогі, – адзначыў Сяргей Благаслаўскі. – Турнір з’яўляецца для некаторых рабят першай прыступкай у прафесійны спорт. Ужо цяпер за самымі таленавітымі гандбалістамі сочаць спецыялісты, яны выбіраюць кандыдатаў у юніёрскія гандбольныя зборныя. Лепшыя спартсмены спартакіяды ўвойдуць у склад зборнай Беларусі і будуць адстойваць гонар краіны на Сусветнай гімназіядзе, якая пройдзе ў наступным годзе ў Францыі і Марока.

Магчыма, нехта з удзельнікаў спаборніцтваў, якіх мы бачылі ў гэтыя дні ў гульнях на пляцоўцы ФАКу “Друць”, у будучым паднімецца на алімпійскі п’едэстал гонару, даб’ецца высокіх вынікаў у спорце, а камусьці спорт проста дапаможа вырасці годным грамадзянінам Беларусі.

Абсалютным пераможцам XII Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў стала зборная Гродзенскай вобласці, якая набрала ў агульнакамандным першынстве найбольшую колькасць ачкоў у спаборніцтвах па зімовых і летніх відах спорту. Другое месца заняла дружына Магілёўскай вобласці, трэцяе – Гомельскай.

Магілёўшчына ўжо не першы год дастойна пазіцыянуе сябе на гэтых прэстыжных спаборніцтвах, стабільна ўваходзячы ў тройку лепшых у краіне. Прыемна, што ў гэтым ёсць і заслуга выхаванак бялыніцкай ДЮСШ.

Тэкст і фота

Андрэя СУПІТАЛЁВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *