“У Бялыніччыны ёсць шмат перспектыўных накірункаў для развіцця турызму”

Такую думку выказаў генеральны дырэктар ЗАТ “Сталічнае тэлебачанне” Юрый КАЗІЯТКА падчас наведвання бялыніцкага цэха па вытворчасці сыроў, філіяла ААТ “Бабуліна крынка”.

На адно з паспяховых прадпрыемстваў нашага раёна разам з ім завіталі таксама вядучыя тэлеканала СТБ Вольга БУРЛАКОВА і Сяргей МАНЬКО, намеснік дырэктара па ідэалогіі і быце ААТ “Бабуліна крынка” Святлана СТАШЭЎСКАЯ, удзельнікі творчага праекта, які падтрымлівае тэлеканал СТБ “Жывая класіка”, старшыня Магілёўскага аддзялення СПБ Аляксандр КАЗЕКА, былы саліст ансамбля “Песняры” Валерый СКАРАЖОНАК і кампазітар Эдуард ХАНОК.

Дырэктар цэха па вытворчасці сыроў Тамара ГАЛЁТА правяла для гасцей змястоўную экскурсію па прадпрыемстве, падчас якой тыя пазнаёміліся з асноўнымі тэхналагічнымі этапамі вырабу сыроў, наведалі аддзел упакоўкі і склад захоўвання гатовай прадукцыі, а таксама прадэгуставалі розныя гатункі сыру.

Дарэчы, сыр “Фрысбург”, вытворчасць якога нядаўна асвоілі бялыніцкія сыраробы, атрымаў сёлета 2 залатыя зоркі і ўзнагароду “Цудоўны смак” на Міжнародным дэгустацыйным конкурсе Superior Taste Award у Бруселі і адразу ж увайшоў у сусветны топ-спіс элітных прадуктаў.

Пасля экскурсіі Юрый Казіятка распавёў сыраробам аб сённяшнім этапе і перспектывах развіцця турыстычнай галіны ў Беларусі.

— Наша краіна мае ўнікальныя магчымасці для прыцягнення замежных гасцей. Адзначу, што нідзе ў свеце няма столькі аграэкасядзіб, як у нас. У сферы экалагічнага турызму таксама робяцца пэўныя зрухі. Але яшчэ многае трэба асвоіць. Мы павінны навучыцца піярыць сваю гісторыю, культуру, мову, традыцыі, вытворчасць, – падзяліўся думкамі генеральны дырэктар СТБ. – На Бялыніччыне ёсць што паказаць і чым уразіць гасцей.

Таксама Юрый Казіятка прадставіў сыраробам два творчыя праекты, якія падтрымлівае СТБ. Гэта конкурс чытальнікаў “Жывая класіка” па папулярызацыі сярод падрастаючага пакалення лепшых твораў беларускай літаратуры і невялікае выступленне майстроў эстрады ў рамках серыі канцэртаў “Залатая класіка Беларусі”.

Валерый Скаражонак, спявак:

— Упершыню пабываў на прадпрыемстве па перапрацоўцы малака. Пазітыўных эмоцый атрымаў вельмі шмат. Асабліва ўразіла, што ўсе тэхналагічныя працэсы вырабу сыроў аўтаматызаваныя, паўсюль узорная чысціня, тэрыторыя ўпрыгожана тэматычнымі скульптурамі. І ўсё гэта зроблена рукамі працаўнікоў! Брава!

Аляксандр Казека, старшыня Магілёўскага аддзялення СПБ:

— Тут пабываў не першы раз, але падчас кожнай паездкі адкрываю для сябе нешта новае. Захапляюся працавітасцю сыраробаў, адладжанай, сістэмнай рабоце прадпрыемства. Такую смачную прадукцыю, якой нас сёння пачаставалі, могуць рабіць толькі высокакласныя прафесіяналы!

Коз

Упаков

Цех

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *