У суботу ў канцэртнай зале раённага Цэнтра культуры прайшоў конкурс прыгажосці “Міс Бялынічы-2017”

Даказаць, што менавіта яна з’яўляецца “самай-самай”, вырашылі пяць прыгажунь нашага раёна, якія прынялі ўдзел у конкурснай праграме “Свет прыгажосці”, – бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі-філіяла Анастасія НЕМЦАВА, хормайстар РЦК Анастасія ЖЭЛАКОВІЧ, студэнткі МДУ імя А. Куляшова Анастасія  ЕРМАКОВА і Надзея ЦАПІК, сёлетняя выпускніца СШ № 2 Крысціна ЛЕЎШУКОВА.

Майстэрства канкурсантак ацэньвала журы ў складзе старшыні Цяхцінскага сельсавета Аляксандра ЦЫБУЛЬСКАГА, дырэктара аўтапарка №7 Сяргея ГАПЕЕВА, начальніка аддзела кантролю падаткаабкладання суб’ектаў гаспадарання і фізічных асоб райінспекцыі МПіЗ Антона ШЧУРАКОВА, інспектара АДАІ УУС аблвыканкама, уладальніка тытула “Містар Бялынічы-2016” Мацвея ЗАЛЯСОЎСКАГА і культарганізатара РЦК Аляксандра САЛДАЦЕНКАВА.

Першым выпрабаваннем стала візітная картка, падчас якой гледачы мелі магчымасць пазнаёміцца з     удзельніцамі    конкурсу. Кожная прыгажуня па-свойму з’яўляецца індывідуальнасцю. І адрозніваюць іх не толькі захапленні, але і ўнутраны свет, пра што яны расказвалі са сцэны і ў загадзя падрыхтаваных відэароліках.

Свае інтэлектуальныя здольнасці тры Анастасіі, Надзея і Крысціна дэманстравалі ў конкурсе “Дзе логіка?”, а кулінарныя – “Ах, якая я гаспадыня!”.

На этапе “Творчасць без межаў” канкурсанткі парадавалі прысутных цудоўным вакалам і харэаграфічнымі нумарамі. І кожная з іх была непаўторная. Таксама як і ў час дэфіле ў купальніках і вячэрніх сукенках.

Пасля ўсіх выпрабаванняў журы падвяло вынікі. Тытул “Фітнэс-ледзі” прысуджаны Надзеі Цапік. Яна таксама ўдастоена прыза “Глядацкіх сімпатый” і тытула “Міс фота”. Згодна з умовамі конкурсу, галасаванне па апошняй намінацыі праходзіла на адмысловай старонцы ў сацыяльных сетках, і большасць галасоў інтэрнэт-карыстальнікі аддалі менавіта Надзеі.

Тытул “Міс артыстычнасць” атрымала Анастасія Немцава, а “Міс крэатыўнасць” – Анастасія Ермакова. Ганаровае званне “Віцэ-міс” прысвоена Крысціне Леўшуковай. Перамогу ў конкурсе і тытул “Міс Бялынічы-2017” заваявала Анастасія Жэлаковіч.

Усе прыгажуні атрымалі кветкі і падарункі, а гледачы – пазітыўны зарад станоўчых эмоцый на доўгі час.

все1 ерм жив жюри куп мод пиан полёт цап цыб

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *