Дзеці выхоўваюцца на любові

Чарговыя героі творчага праекта раённай газеты “У сям’і – лепш” — мнагадзетная сям’я Вольгі і Віктара ШАХАЛЕНКАЎ з Бялынічаў. Восем гадоў яна мае статус прыёмнай. Але гэта, бадай, толькі на паперы. На самой справе адносіны паміж дарослымі і дзецьмі сталі настолькі цёплымі і блізкімі, што яны могуць стаць прыкладам для людзей, звязаных роднаснымі сувязямі.

— Прыёмнымі бацькамі сталі выпадкова, — распавядае Вольга Шахаленка. – Раней мы жылі ў вёсцы Барок, потым пераехалі ў Бялынічы, але на родныя мясціны не забываліся. Аднойчы даведалася, што трагічна загінула знаёмая жанчына з суседняй вёскі. Чацвёра яе хлопчыкаў засталіся круглымі сіротамі. Дваіх забралі да сябе неабыякавыя людзі, а яшчэ двое засталіся ў бальніцы чакаць, як вырашыцца іх лёс. У мяне адразу ж нарадзілася думка ўзяць малых да сябе. Муж і родныя актыўна падтрымалі ідэю, хоць у нас ужо выхоўваліся дачка і сын. Саша, старэйшы з прыёмных дзетак, скончыў школу, атрымаў будаўнічую спецыяльнасць. Цяпер жыве асобна, але часта наведваецца ў госці. Малодшы Антон і наш родны сын Мікіта – як сапраўдныя браты, вадой не разальеш.

Два гады таму спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама прапанавалі Вользе Мікалаеўне ўзяць у сям’ю дзяўчынку, аб якой родная маці ўпарта не жадала клапаціцца. Навіна была агучана ў той жа дзень у коле блізкіх, і дамашні савет вынес канчатковы вердыкт: бяром! Так у іх сям’і з’явілася яшчэ адна сястрычка. Сёлета Даша скончыла 4 клас СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага з нядрэннымі адзнакамі.

— Не вельмі люблю фразу “прыёмная сям’я”, — сціпла ўсміхаецца Вольга Мікалаеўна. – Для нас усе дзеці  аднолькавыя. У кожнага свае асаблівасці і таленты. Алеся, старэйшая дачка, іграе на фартэпіяна, Даша захапляецца падзелкамі з паперы, Мікіта прыгожа малюе, Антону падабаецца майстраваць з дрэва. Малодшыя дзеці наведваюць аб’яднанні па інтарэсах у МЦ “Ветразь” і клас выяўленчага мастацтва ДШМ. Кожны раз яны не перастаюць здзіўляць нас сваімі здольнасцямі і талентамі! Таму раіла б усім бацькам клапаціцца не толькі пра тое, каб дзеці былі апрануты і накормлены, але і акружаны цяплом, разуменнем, любоўю. Гэта – самае галоўнае. Падмурак сямейнага жыцця першачаргова павінен трымацца на любові. Мы з мужам вучым нашых дзяцей рабіць дабро, падтрымліваць адзін аднаго, прывіваем трывалыя сямейныя і духоўныя каштоўнасці. Хочацца, каб яны запомнілі гады дзяцінства яркімі і насычанымі. Напрыклад, дні нараджэння святкуем асабліва, рыхтуем “салодкі” стол, падарункі, запускаем феерверк. Кожнае лета нашы дзеці адпачываюць за мяжой. Антон зараз гасцюе ў Францыі, Алеся, Даша і Мікіта паедуць на адпачынак у Іспанію.

Нядаўна сям’я Шахаленкаў атрымала ўпэўненую перамогу ў абласным конкурсе прыёмных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу “Сэрца аддаю дзецям”, які праводзіўся на базе Магілёўскага дзяржаўнага інстытута развіцця адукацыі. З 15 прыёмных сем’яў, якія сёлета прымалі ўдзел у гэтым конкурсе, Шахаленкі сталі першымі.

— Для нас перамога была нечаканай, але прыемнай, — успамінае хвалюючыя моманты Вольга Мікалаеўна. – Самым цяжкім этапам было тэсціраванне бацькоў-выхавацеляў. Пад час яго выяўлялі дасканалае веданне нарматыўных дакументаў, якія датычацца прыёмных сем’яў і сямейнага права ўвогуле. На другім этапе тэсціравання патрэбна было знайсці правільнае рашэнне ў пастаўленай педагагічнай сітуацыі. Ацэньваліся і творчыя, і кулінарныя здольнасці ўдзельнікаў.

Exif_JPEG_420

приз

Прыёмнае бацькоўства – гэта вялікая адказнасць. У першую чаргу, за лёсы дзяцей, якія прыходзяць у новую сям’ю. На сваім маленькім жыццёвым вопыце яны спазналі ўжо шмат горычы, страт і расставанняў. Але, як адзначае  Вольга Мікалаеўна, любыя цяжкасці і непаразуменні лечацца любоўю, сямейнай цеплынёй, увагай. А шчырыя ўсмешкі на дзіцячых тварыках не расцвітуць ні ад якіх матэрыяльных даброт. 

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота з архіва сям’і Шахаленкаў.

ДАРЭЧЫ

Калі вы адчуваеце ў сабе жаданне і сілы стаць прыёмнымі бацькамі, гатовыя падзяліцца любоўю і ласкай з дзецьмі, якія па волі лёсу засталіся без бацькоўскай апекі, звяртайцеся ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (кабінет №1) альбо тэлефануйце на нумар 51-378.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *