Майстар па рамонце абутку ААТ “Бытпаслугі г. Бялынічы” Святлана ОСІПАВА сваёй прафесіі навучылася, калі прыйшла рабіць у сферу бытавога абслугоўвання

Большасць з нас у дзяцінстве марыць аб такой спецыяльнасці, каб прыходзіць на працу, як на свята, і абраная прафесія прыносіла матэрыяльнае і маральнае задавальненне. Але далёка не ва ўсіх гэта атрымліваецца. Бывае і так, што да сваёй працы людзі прырастаюць паступова і прафесіяналамі становяцца непрыкметна нават для саміх сябе.

ОсиповаМайстар па рамонце абутку ААТ “Бытпаслугі г. Бялынічы” Святлана ОСІПАВА ўсім нюансам сваёй прафесіі навучылася менавіта тады, калі прыйшла рабіць у сферу бытавога абслугоўвання.

Нарадзілася яна ў вёсцы Нясята на Клічаўшчыне. Пасля заканчэння школы ўладкавалася вучаніцай на абутковую фабрыку ў Бабруйску.  Праз невялікі час сястра, якая жыла ў Бялынічах, папрасіла яе крыху дапамагчы па гаспадарцы.

— Думала, што затрымаюся тут на некалькі месяцаў, а засталася на ўсё жыццё, — усміхаецца Святлана Мікалаеўна. – Больш як 30 гадоў жыву і працую ў Бялынічах.

А вось месца будучай працы прыйшлося шукаць доўга. Паколькі яна была крыху знаёмая з вытворчасцю абутку, то ўладкавалася майстрам па яго рамонце ў Дом быту. Хутка асвоілася з такой нежаночай працай і стала аднаўляць абутак не горш, чым калегі-мужчыны.

— Раней мы выконвалі шмат рамонтных аперацый, — успамінае Святлана Мікалаеўна. – У некаторых выпадках, лічыце, вярталі чаравікі “з таго свету”. Зараз у гэтым няма такой неабходнасці. Лепш купіць новыя, чым за амаль такія ж грошы рамантаваць старыя.

Увогуле, мая праца сезонная. Самы вялікі наплыў заказчыкаў бывае вясной і восенню, калі людзі мяняюць зімні абутак на летні, і наадварот.

— Якасны рамонт залежыць і ад матэрыялаў, з якіх зроблены чаравікі. У 1990-я гады прыйшла вялікая хваля таннага абутку з Кітая. Настолькі дрэннага, што ён літаральна рассыпаўся ў руках. Прыходзілася нават адмаўляць людзям. Зараз матэрыялы, з якіх робіцца абутак, сталі нашмат лепшыя, але і нядобранадзейных вытворцаў яго хапае. Сваім кліентам заўсёды раю выконваць рэкамендацыі па доглядзе за абуткам, якія дадаюцца да кожнай пары. Тады чаравікі паслужаць даўжэй, — адзначае Святлана Мікалаеўна.

Не аднойчы Святлана Осіпава станавілася лепшай па прафесіі ў сферы бытавога абслугоўвання на раённым і абласным узроўнях, заахвочвалася граматамі і грашовымі прэміямі.

Сакрэт яе паспяховай працоўнай дзейнасці вельмі просты – рабіць, як для сябе, і нават яшчэ лепш.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *